Такое рашэньне ўхваліў суд пасьля разгляду адпаведнага пратаколу аддзелу аховы дзяржаўнай таямніцы ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Львоўскай вобласьці.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, гаворка ідзе пра дзьве камэрцыйныя сустрэчы — 3 сакавіка з італьянскім, а 24 сакавіка зь беларускім прадпрымальнікамі. Абодва ствараюць у Стрыі заводы.
Паводле інфармацыі Стрыйскай гарадзкой рады, 24 сакавіка мэр гораду Алег Канівец падпісаў мэмарандум зь беларусам Дзьмітрыем Рудчанкам, дырэктарам адной з камэрцыйных кампаній, аб будаўніцтве ў Стрыі заводу газабэтону. Інвэстыцыйны кошт гэтага праекту — 18 мільёнаў эўра.
Дзьмітры Рудчанка ачольвае ўкраінскую кампанію, заснавальнікі якой — нямецкая і расейская кампаніі. Апошняя — яе канчатковы бэнэфіцыярны ўласьнік.
Паводле ўпраўленьня СБУ, перад правядзеньнем сустрэчаў з замежнікамі арганізатары павінны пісьмова паведамляць пра склад замежных дэлегацый, час і мэты іхнага наведваньня, а пасьля падрыхтаваць справаздачы пра зьмест перамоваў і перададзенай замежным грамадзянам інфармацыі.
Праграма наведваньня замежнікамі рэжымных аб’ектаў павінна абавязкова ўзгадняцца з органамі бясьпекі. Такія правілы ўведзеныя ва Ўкраіне ад сьнежня 2013 году.
Раней за аналягічныя парушэньні пакаралі Сяргея Бычкова, які выконвае абавязкі генэральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Антонов», за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці ў часе прыёму дзьвюх замежных дэлегацый — францускай кампаніі Selter.film і беларускай «БЕЛЗАБПРАМ» («BELSNABPROM»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне аштрафавалі абароннае прадпрыемства за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці пры прыёме дэлегацыі зь Беларусі