Сьвятлану Алексіевіч узнагародзілі адным з найвышэйшых ордэнаў Нямеччыны

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер уручае ўзнагароду Сьвятлане Алексіевіч. Бэрлін, 15 чэрвеня 2021 году.

Беларускую пісьменьніцу, нобэлеўскую ляўрэатку ўзнагародзілі ордэнам «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Германія».

Узнагароду Сьвятлана Алексіевіч атрымала з рук прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, піша Deutsche Welle. Цырымонія адбылася ў палацы Бельвю, афіцыйнай рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Бэрліне.

Ордэн быў заснаваны ў Нямеччыне ў пачатку 1950-х. У 2014 годзе Алексіевіч атрымала Афіцэрскі крыж ордэна Мастацтваў і літаратуры — ведамасную ўзнагароду Францыі.

У сваёй прамове Штайнмаер зьвярнуўся да шматмесячных пратэстаў у Беларусі, адзначыўшы асобую ролю жанчын у іх. Алексіевіч адзначыла, што «камунізм яшчэ ня мёртвы і гатовы даць апошні бой», мяркуючы па падзеях ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі.

На яе думку, гэты лад «жыве ня толькі ў галовах Пуціна ці Лукашэнкі», і з гэтым, «нягледзячы на наш ідэалізм, трэба лічыцца», дадала яна. Яна асабліва падкрэсьліла неабходнасьць працаваць з тымі беларусамі, хто ўсё яшчэ падтрымлівае Лукашэнку.

«Трэба тлумачыць ім сьвет, сваю гісторыю. Трэба тлумачыць, што мы сталі нацыяй», — сказала пісьменьніца.

Таксама на цырымоніі паведамілі, што Алексіевіч піша кнігу пра масавыя беларускія пратэсты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што можна (і варта) дамовіцца з прыхільнікамі Лукашэнкі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч выставіла сваю кнігу на дабрачынны аўкцыён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджаліна Джалі і Сьвятлана Алексіевіч абмяняліся думкамі пра Беларусь