Паводле Мінздароўя, па стане на 12 чэрвеня ў Беларусі 690 тысяч чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, зь іх толькі 380 тысяч прайшлі поўны курс вакцынацыі. Колькі чалавек прышчапіліся расейскай вакцынай, а колькі кітайскай, не ўдакладняецца.
«Чакайце, магчыма, вакцына зьявіцца на гэтым тыдні»
Людзі, якія атрымалі першую дозу вакцыны расейскай вытворчасьці «Спутник V», расказваюць, што праз 3 тыдні маюць праблемы з атрыманьнем другой дозы.
Адзін з супрацоўнікаў «Беларусбанку» паведаміў, што іх разам з калегамі прышчаплялі цэнтралізавана 21 траўня ў галоўным офісе банку па праспэкце Дзяржынскага, 18.
«У офіс прыехалі супрацоўнікі 25-й паліклінікі. Чарга невялікая была, таму што ўсё было расьпісана па часе — чакаў прыкладна 20 хвілін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску запрацуе яшчэ адзін пункт вакцынацыі ад COVID-19Другая прышчэпка была заплянаваная 11 чэрвеня, аднак усім паведамілі, што ў 25-й паліклініцы пакуль няма другога кампанэнту вакцыны. Сказалі: «Чакайце, магчыма, вакцына зьявіцца на наступным тыдні», — кажа ён.
Яшчэ адна жанчына паведамляе, што ў сярэдзіне траўня яе бацькоў, якія ўваходзяць у групу рызыкі і маюць хранічныя захворваньні, мэдыкі самі запрасілі на прышчэпкі.
«Што да другога кампанэнту вакцыны „Спутник-V“ беларускай вытворчасьці, у 9-й паліклініцы бацькам павінны былі зрабіць другую прышчэпку 11 чэрвеня. Напярэдадні, 10 чэрвеня, папярэдзілі, што вакцыны няма, і калі зьявіцца, то ім ператэлефануюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя Беларусі лічыць, што вакцыны Moderna і Pfizer не эфэктыўнейшыя за расейскі Sputnik VЯшчэ адна жанчына расказвае, што ёй удалося 14 чэрвеня атрымаць другую дозу.
«Прыйшла ў сваю паліклініку а 8-й раніцы, адстаяла 2 гадзіны ў чарзе, каб атрымаць другую дозу. Тым, хто прыйшоў пасьля 11-й гадзіны, параілі прыходзіць пазьней, магчыма, новую партыю давязуць у другой палове дня. Раённая паліклініка абслугоўвае каля 300 шматкватэрных дамоў і яшчэ дзясяткі прыватных, а казалі, што атрымалі на сёньня 200 дозаў вакцыны», — кажа яна.
Жанчына перажывае, што з кожным днём будзе павялічвацца колькасьць тых, хто па графіку праз 21 дзень не атрымаў прышчэпку, і чэргі будуць толькі расьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму нельга прапускаць другую прышчэпку ад COVID-19Людзей часьцяком нават не папярэджваюць, што другой дозы няма
У даведцы аб прышчэпцы першай дозы дакладна пазначана дата, на якую заплянаваная другая прышчэпка. Таму людзі пачынаюць перажываць, калі даведваюцца, што другая доза пераносіцца.
«Першую прышчэпку атрымала 20 траўня ў 29-й паліклініцы, — расказвае дзяўчына. — Запісвалася ў сакавіку, чакала трохі больш за месяц, даводзілася некалькі разоў тэлефанаваць і пытацца. Таму што пра наяўнасьць ніхто не паведамляў, нягледзячы на абяцаньні трымаць у курсе».
Яна кажа, што другая доза ў яе была заплянаваная на 10 чэрвеня.
«9-га зноў жа самі дазнаваліся наконт наяўнасьці і даведаліся, што другой дозы няма, таму што „не прывезьлі ў паліклініку“, і трэба чакаць як мінімум да канца тыдня. Сёньня зноў тэлефанавалі самі, сказалі, што заўтра можа быць, але трэба ўдакладніць раніцай самім», — расказвае дзяўчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая недарагая вакцына можа ўратаваць сьвет ад каранавірусуМінздароўя: інтэрвал паміж дозамі можа быць ад 21 да 90 дзён
12 чэрвеня тэлеграм-канал «Официальный Минздрав» паведаміў, што Мінздароўя атрымала з Расеі дазвол на выкарыстаньне 180 тысяч дозаў другога кампанэнта «Спутник V». «У пятніцу ўвечары адмыслоўцы даставілі гэтыя партыі ва ўсе рэгіёны».
Мінздароўя таксама адзначае пад грыфам «важна»: «Інтэрвал паміж увядзеньнем першага і другога кампанэнта расейскай вакцыны „Гам-КОВИД-Вак“ („Спутник V“) можа быць ад 21 дня да 90 дзён».
А з сайта Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму прыбралі тэлефоны «гарачай лініі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакцына вытворчасьці Novavax паказала эфэктыўнасьць больш за 90 адсоткаўУ Беларусі даступная кітайская вакцына
Вядома, што ў Беларусі прышчапляюць яшчэ кітайскай вакцынай SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell) Inactivated вытворчасьці кампаніі Sinopharm.
Першая партыя — 100 тысяч дозаў кітайскай вакцыны — была атрымана 19 лютага.
21 траўня з Кітаю даставілі яшчэ 300 тысяч дозаў, разьлічаных на 150 тысяч чалавек
9 чэрвеня 10 тысяч дозаў кітайскай вакцыны Sars-CoV-2 Vero Cell у Беларусь даставілі з ААЭ.