Так ацэньвае сытуацыю карэспандэнт агенцтва Reuters Ары Рабіновіч, які прадстаўляе сьціслыя профілі найважнейшых чальцоў новага ізраільскага кабінэту міністраў.
Цяперашняя ўрадавая кааліцыя складаецца з палітыкаў як крайне левага, так і крайне правага палітычнага спэктру, і ўпершыню ўключае ў сябе невялікую ісламісцкую фракцыю, якая прадстаўляе арабскую меншасьць Ізраілю.
Чакаецца, што асноўная ўвага ўраду будзе засяроджаная на эканамічных і сацыяльных пытаньнях, а не на вырашэньні ізраільска-палестынскага канфлікту.
Вось чацьвёрка найважнейшых асобаў у новым урадзе.
Нафталі Бэнэт — прэмʼер-міністар
Бэнэт узначальвае ультранацыяналістычную партыю «Яміна» («Направа»), якая выступае за габрэйскія паселішчы на акупаваным Ізраілем Заходнім беразе Ярдану. Бэнэт працаваў у папярэдніх урадах, якія ўзначальваў Нэтаньягу, зусім нядаўна быў міністрам абароны. Ён выступае супраць стварэньня незалежнай палестынскай дзяржавы. Згодна з кааліцыйнай дамовай, Бэнэт будзе выконваць абавязкі прэмʼер-міністра на працягу двух гадоў, пасьля чаго яго павінен будзе замяніць Яір Лапід.
Яір Лапід — міністар замежных спраў
Лапід узначальвае цэнтрысцкую партыю «Еш Атыд» («Ёсьць будучыня»), ён архітэктар новага ўраду. Ягоная партыя — найбуйнейшая ў кааліцыі, але ён пагадзіўся падзяліць уладу з Бэнэтам, каб забясьпечыць парлямэнцкую большасьць. 57-гадовы Лапід у 2012 годзе пакінуў працу вядоўцы ў тэлевізіі і стварыў уласную партыю, абяцаючы аслабіць фінансавы ціск на сярэднюю клясу. Ён таксама імкнецца пакласьці канец многім прывілеям, якія фінансуюцца дзяржавай і якімі карыстаюцца ультраартадаксальныя габрэі.
Бэні Ганц — міністар абароны
Не далей як два гады таму Ганца, былога начальніка штабу ўзброеных сілаў, які ўзначальваў цэнтрысцкую партыю «Сіня-белыя», апазыцыя бачыла як наступніка Нэтаньяху. Але ён тады пагадзіўся далучыцца да ўраду Нэтаньягу на пасадзе міністра абароны, якую захоўвае і цяпер.
Авігдор Лібэрман — міністар фінансаў
Ультраправы імігрант з Малдовы, які жыве ў ізраільскім паселішчы на Заходнім беразе, 63-гадовы Лібэрман раней, як і Ганц, быў у кабінэце Нэтаньягу. На пасадзе міністра фінансаў яму давядзецца стрымліваць дэфіцыт бюджэту, які ўзрастаў падчас каранавіруснай пандэміі. Ён заявіў, што паспрабуе зьмяніць статус-кво паміж урадам і палітычна магутнай ультраартадаксальнай меншасьцю Ізраілю, якая была апорай ураду Нэтаньягу. Лібэрман заявіў, што будзе працаваць над тым, каб больш інтэграваць гэтую меншасьць у эканоміку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адстаўку пайшоў самы даўгавечны прэм’ер-міністар Ізраілю