Беларускі дырыгент Дзьмітры Мацьвіенка стаў пераможцам на міжнародным конкурсе маладых дырыжораў імя Мікалая Малько ў Капэнгагене. Таксама ён стаў уладальнікам прызу глядацкіх сымпатый, піша Onliner.
Для ўдзелу журы выбрала 24 дырыгенты з 612 прэтэндэнтаў. У фінале ў Даніі Дзьмітры Мацьвіенка спаборнічаў за перамогу з калегамі з Кітаю Ліньхань Цюі і Францыі Хлояй Дзюфрэйн.
30-гадовы Мацьвіенка працуе ў Вялікім опэрным тэатры Беларусі.
Конкурс імя выбітнага расейскага дырыгента Мікалая Малько праводзіцца раз у тры гады пачынаючы з 1965 году. У гэты раз ён праходзіў з 7 па 12 чэрвеня пры адсутнасьці гледачоў з-за каранавірусных абмежаваньняў. Удзел прымалі дырыгенты 20-35 гадоў з розных краін сьвету, ім дапамагаў сымфанічны аркестр Дацкага радыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэрны тэатар звольніў вядучага барытона Ўладзімера Пятрова, які выступаў супраць гвалту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Купалаўскім тэатры новы мастацкі кіраўнік — Вольга Няфёдава, якая падтрымала Лукашэнку