«Паводле нашых зьвестак. Жалязоўскі памёр сёньня ў 7:15. Гэта заўчасная страта, ён легенда нашага спорту. Разьвітаньне і пахаваньне адбудуцца ў панядзелак», — сказала выканаўчая дырэктарка Саюзу канькабежцаў Расеі Варвара Барышава, перадае ТАСС.
Тры дзясяткі гадоў таму прозьвішча Жалязоўскага ў вялікім спорце стала сынонімам неверагодных чалавечых магчымасьцяў. Ён адзін з наймацнейшых канькабежцаў-спрынтэраў свайго часу, рэкардсмэн сьвету на дыстанцыях 1000 і 1500 мэтраў і ў спрынтэрскім шматбор’і.
З агульных 88 стартаў на этапах Кубку сьвету 54 разы ўздымаўся на подыюм, зь іх 30 — на найвышэйшую прыступку. Тры гады запар беларус перамагаў у агульным заліку Кубку сьвету (1991-93). Шасьціразовы чэмпіён сьвету (1985, 1986, 1989, 1991, 1992, 1993) — дасягненьне, якое стала падставай для ўключэньня ў Кнігу рэкордаў Гінэсу.
Пяць разоў прызнаваўся найлепшым беларускім спартоўцам (1985, 1986, 1989, 1991, 1993).
Ён стаў першым у гісторыі атлетам, хто здабыў алімпійскую ўзнагароду для незалежнай Беларусі — срэбра Лілехамэра ў 1994 годзе (шасьцю гадамі раней была бронза ў Калгары, але ў складзе зборнай СССР).
У 30-гадовым узросьце, акурат пасьля знакавай ва ўсіх сэнсах Алімпіяды, Ігар Жалязоўскі абвясьціў пра заканчэньне кар’еры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка напалохаўся, што ніхто за яго не прагаласуе», — шасьціразовы чэмпіён сьвету Ігар Жалязоўскі пра рэпрэсіі ў БеларусіПерайшоў на адміністрацыйную працу, стаў дарадцам міністра спорту. З улікам практычнага досьведу верыў, што здольны скіраваць беларускі спорт у бок разьвіцьця. Аднак сыстэма адмахнулася, агульнай пазыцыі з кіраўніцтвам ведамства знайсьці не ўдалося.
«Калі прыйшоў у міністэрства, было і жаданьне, і сілы, і ідэі, — згадваў ён. — Сьвежы, незамылены позірк. Мяне не цікавіла матэрыяльная частка, хацелася прывесьці ў адпаведнасьць з сучаснымі патрабаваньнямі відавочна састарэлыя рэчы. Аказалася, ня ўсё так проста. Міністар Уладзімер Рыжанкоў на ўсе прапановы — маўляў, які сэнс разьвіваць від, дзе няма базавых умоваў — толькі вочы закочваў. Вядома, цяжка ўзяць і сысьці. Усё ж значная частка жыцьця (мабыць, лепшая) прайшла ў спорце, таму і выхад быў паступовы. Пасьля Лілехамэра наступныя 10 гадоў заставаўся ў сыстэме — спачатку з жаданьнем, а потым гэта пачало раздражняць».
У сярэдзіне 1990-х пачалася праца над стварэньнем Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі, і маладога ды ініцыятыўнага функцыянэра адправілі на «падвышэньне», фактычна — «сплавілі» прэч з вачэй. Узначальваў арганізацыю цягам 1996–2001 гадоў, аднак ва ўмовах дзяржаўнага дыктату разгарнуцца напоўніцу таксама не ўдалося.
Паралельна на працягу амаль 10 гадоў кіраваў Беларускім саюзам канькабежцаў, у рамках якога, апроч профільнай дысцыпліны, адказваў за падрыхтоўку фігурыстаў і майстроў шорт-трэку. Заяву аб сыходзе на ўласнае жаданьне задаволілі ў 2005-м.
Быў сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, на пачатку нулявых выведзены зь яго складу. Фармальнай прычынай стала тое, што праігнараваў алімпійскі сход з удзелам прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Сам Ігар Жалязоўскі «прагул» тлумачыць тым, што якраз пачаў спрабаваць сілы ў бізнэсе і ня мог зьявіцца на нараду на першы пстрык пальцаў — тэрміны перад гэтым ня раз пераносіліся.
Ігар Жалязоўскі, узнагароджаны мэдалём «За выбітныя заслугі» Нацыянальнага алімпійскага камітэту.
Потым займаўся пастаўкай і вырабам керамічнай пліткі ў Расеі. Працаваў і жыў у закрытым горадзе Сьнежынску Чалябінскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Жалязоўскі: Стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс мэдаль сваёй краіне