Суд у Рызе арыштаваў экс-кіраўніка МУС па падазрэньні ў шпіянажы на Расею

Яніс Адамсон

Суд у Рызе арыштаваў дэпутата апазыцыйнай партыі Яніса Адамсона па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі. Пра гэта паведамляе латвійскае агенцтва LETA.

Сьледзтва падазрае, што Адамсон перадаваў Расеі інфармацыю пра вайсковыя закупкі і бюджэт. Акрамя таго, дэпутат мог інфармаваць Маскву пра пазыцыю краінаў Балтыі ў пытаньні газаправоду «Паўночны паток-2».

Адамсон сваёй віны не прызнае. У выпадку, калі будзе даказана, што дэпутат раскрыў зьвесткі, якія зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцай, яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

У сярэдзіне 1990-х Адамсон узначальваў МУС Латвіі. Цяпер ён працуе ў камісіі Сэйма па абароне. Па дадзеных СМІ, доступу да сакрэтнай інфармацыі ў дэпутата няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як працуе пракрамлёўская прапаганда новага пакаленьня ў краінах Балтыі