«ЭЗ не аказвае дастатковага ціску на рэжым у Менску». Размова з польскай эўрадэпутаткай

Беларуская дэманстрацыя перад сядзібай Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, 25 сакавіка 2021

Рэакцыя Эўропы на палітычныя рэпрэсіі ў іншых краінах, у тым ліку ў Расеі і Беларусі, даўно стала прадметам скептычных жартаў: маўляў, у Брусэлі чарговым разам вырашылі «выказаць глыбокую заклапочанасьць».

Ганна Фатыга, экс-міністар замежных спраў Польшчы і шматгадовая дэпутатка Эўрапарлямэнту, расказала расейскай службе Радыё Свабода, які аб’ём палітычнай і дыпляматычнай працы хаваецца ня толькі за брусэльскімі рэзалюцыямі, але і за прыняцьцем рашэньняў аб санкцыях і іншых мерах, якія маюць цалкам канкрэтныя наступствы.

— Каля месяца таму МЗС Расеі прадставіў сьпіс так званых недружалюбных дзяржаў, у які ўвайшлі ЗША і Чэхія. У сацыяльных сетках жартуюць, што гэта своеасаблівы знак якасьці. Чаму Польшча не апынулася ў гэтым сьпісе?

— Польшча вядзе мірную палітыку, яна імкнецца дапамагаць суседзям — Украіне, Беларусі. Варшава імкнецца прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да праблем краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Мы — пастаянны і прыкметны адвакат апазыцыі ў краінах зь недэмакратычнымі рэжымамі. Многія з бачных польскіх палітыкаў, якія займаюцца міжнароднымі адносінамі, маюць апазыцыйны досьвед. Я думаю, што таму пытаньне пра палітвязьняў так хвалюе Варшаву. З прычыны нашай гісторыі мы сталі больш адчувальнымі да таго, што адбываецца ў Расеі, і падтрымліваем дэмакратычную апазыцыю і дысыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі з заклікам да новых санкцый

— На сваёй старонцы ў Фэйсбуку вы разьмясьцілі пост, у якім сказана, што вы бераце ўдзел у падрыхтоўцы праекту дакладу Эўрапарлямэнту аб разьвіцьці палітычных адносін паміж Эўразьвязам і Расеяй. Вы пішаце, што «наіўны падыход да Расейскай Фэдэрацыі неабходна замяніць больш рашучай палітыкай». Ці ёсьць сярод дзяржаў-чальцоў ЭЗ аднадушнасьць у гэтым пытаньні?

— Я б хацела ўдакладніць, што калі я кажу «Расейская Фэдэрацыя», то маю на ўвазе рэжым Пуціна, сілы, якія канцэнтруюцца вакол Крамля, сілавыя ведамствы, якія ня толькі вядуць агрэсіўную палітыку, але і прыгнятаюць уласнае грамадзтва. Будучы вэтэранам Эўрапарлямэнту, я магу сказаць, што, як ні дзіўна, сытуацыя паляпшаецца. Калі я толькі прыйшла ў Эўрапарлямэнт у 2004 годзе, палітыка Расеі не здавалася Захаду гэтак складанай і агрэсіўнай, хоць сымптомаў ужо было шмат. Мала хто тады падзяляў мае погляды. Ня ўсе дзяржавы, урады ўсіх краін так рашучыя ў сваіх намерах, як краіны нашага рэгіёну — краіны Балтыі, Польшча, Румынія і іншыя нашы суседзі. Аднак сярод дэпутатаў Эўрапарлямэнту, незалежна ад палітычнай прыналежнасьці, ёсьць шматлікая група, якая добра ведае, што адбываецца на ўсход ад нашых межаў, і яна гатовая браць ініцыятыву на сябе. Нам удаецца мабілізаваць значную большасьць, прымаць рэалістычныя рэзалюцыі.

Можна сказаць, што гэта ўсяго толькі рэзалюцыі, што яны не знаходзяць свайго адлюстраваньня ў рэальных дзеяньнях. Вядома, ёсьць рэчы, за якія я схільная крытыкаваць Захад. Я лічу, што палітыка ў дачыненьні да Крамля павінна быць больш пасьлядоўнай, рашучай. Мы павінны адназначна падтрымліваць грамадзкія групы, якія імкнуцца дэмакратызаваць Расею. Я лічу, што Эўразьвяз усё яшчэ робіць недастаткова, мы павінны аказваць мацнейшы ціск на Крэмль. Акрамя таго, трэба супрацьстаяць таму эканамічнаму супрацоўніцтву, якое спрыяе мілітарызацыі Расеі. Прыкладам можа паслужыць газаправод «Паўночны паток — 2». Сродкі, якія атрымлівае Крэмль ад рэалізацыі такіх праектаў, дазваляюць Маскве весьці адкрытую агрэсію, як у Крыме, або ўтоеную — як на ўсходзе Ўкраіны, у Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі эўрадэпутат: Эўрапарлямэнт будзе дамагацца поўнага спыненьня кантактаў Брусэлю з Лукашэнкам

— Як бы вы ахарактарызавалі цяперашнія адносіны Масквы і Брусэлю? Якіх дзеяньняў з боку Эўразьвязу мы можам чакаць на гэтым кірунку ў найбліжэйшай будучыні?

— У Эўразьвязе быў прыняты двайны падыход да Расеі. Адзін зь яго элемэнтаў — гэта так званае ўцягваньне расейскіх уладаў у супрацоўніцтва. Аднак група дэпутатаў, перш за ўсё з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, аказвае ціск на кіраўніцтва ЭЗ з той мэтай, каб падтрымка аказвалася пераважна расейскай грамадзянскай супольнасьці. На гэты момант мы маем справу фактычна з выкраданьнем апазыцыянэраў. Да прыкладу, затрыманьне ў Санкт-Пецярбургу Андрэя Піваварава, падчас якога польскі цывільны самалёт нашага авіяперавозчыка быў аб’ектам агрэсіі. Гэта сурʼёзная праблема. Сама гэтая працэдура павінна была паказаць сьвету і Захаду пыхлівыя і агрэсіўныя паводзіны Масквы. Але гэтым справа не абмяжоўваецца. Так, я брала ўдзел у многіх вэбінарах, якія аналізуюць тое, што адбываецца вакол Радыё Свабода. Гэта скандал.

— Што могуць зрабіць эўрапейскія інстытуты і іншыя міжнародныя арганізацыі, каб падтрымаць СМІ, якія былі прызнаныя ў Расеі «замежнымі агентамі»?

— Я думаю, што Эўразьвяз павінен паспрабаваць абмяжоўваць уплыў расейскіх элітаў, крамлёўскай прапаганды. Трэба абмяжоўваць той стыль жыцьця, які вядуць расейскія чыноўнікі на Захадзе і які выклікае пытаньні ў эўрапейцаў. Бо гэтыя эліты ціснуць на сваё ўласнае грамадзтва, адначасова адпраўляючы сваіх жонак і дзяцей жыць на Захад. Які, у сваю чаргу, закрывае на гэта вочы.

У Эўразьвязу і Злучаных Штатаў распрацавана палітыка санкцый у дачыненьні да тых краін, дзе ўжываюцца рэпрэсіі. Акрамя таго, ЭЗ павінен старацца зрабіць усё магчымае, каб палітыка ў дачыненьні да Расеі ня зводзілася толькі да лёзунгу «Мы павінны супрацоўнічаць з Крамлём у тых сфэрах, дзе гэта ўзаемавыгадна». На жаль, усё часьцей гэта адбываецца паводле жаданьня Масквы. Крэмль рашуча адхіляе тое, што Захад лічыць важным, і не згаджаецца на перамовы. Трэба падумаць і вырашыць, ці мае сэнс сама палітыка ўцягваньня расейскіх элітаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Элегантнай перамогі ўжо ня будзе». Размова з польскай эўрадэпутаткай Ганнай Фатыгай

— Кажучы пра Расею, нельга абмінуць і Беларусь. Беларускія актывісты ў Польшчы на чале зь лідэрам Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўлам Латушкам блякуюць пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Яны патрабуюць увядзеньня дадатковых эканамічных санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Ці лічыце вы, што Эўразьвяз зрабіў дастаткова, каб падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі?

— Я лічу, што ЭЗ не аказвае дастатковага ціску на рэжым у Менску. Аднак краіны ЭЗ разумеюць, што рэжым Пуціна таксама нясе адказнасьць за рэпрэсіі ў Беларусі. Я лічу, што Расея вельмі ўмела гуляе на беларускім полі, хаваючыся за Лукашэнку. На самой справе Масква выкарыстоўвае Лукашэнку ў сваёй палітыцы. У якасьці прыкладу тут можна прывесьці атакі на Польшчу, Літву, іншыя краіны нашага рэгіёну. Масква таксама нясе за гэта адказнасьць. Складана сказаць, ці разумеюць гэта ўсе прадстаўнікі эўрапейскіх элітаў, грамадзкасьць, таму што заходнія СМІ недастаткова выразна гэта фармулююць. Я хацела б падкрэсьліць, што сыгналы, якія паступаюць з Крамля, вельмі трывожныя. Аднак любое дзеяньне правакуе рэакцыю ў адказ.

Ганна Фатыга

Ганна Фатыга (Anna Fotyga) — польская дэпутатка Эўрапарлямэнту, выбраная ад партыі «Права і справядлівасьць». У Эўрапарлямэнце Фатыга належыць да фракцыі эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў ды старшынюе ў Камісіі эўрапейскай інтэграцыі. У 2006—2007 гг. яна была міністрам замежных справаў Польшчы, у 2007—2008 гг. — кіравала канцылярыяй прэзыдэнта Леха Качыньскага.