У Кіеве адказалі УЭФА: лёзунг «Героям слава!» стаў часткай афіцыйнай сымболікі зборнай Украіны па футболе

Частка формы зборнай Украіны па футболе з патрыятычным лёзунгам.

За дзень да адкрыцьця чэмпіянату пад забарону Эўрапейскай асацыяцый футбольных фэдэрацый трапілі словы «Героям слава!», якія разьмяшчаюцца на споднім баку гульнявой футболкі ўкраінцаў. Але ў Кіеве знайшлі выйсьце.

10 чэрвеня ў УЭФА палічылі, што ў спалучэньні зь іншым лёзунгам, нанесеным на футболкі — «Слава Україні!» — ён можа разглядацца як палітычны, паведамляе AFP.

Інфармацыю пра забарону аднаго зь лёзунгаў пацьвердзіла Ўкраінская асацыяцыі футболу, піша ua.tribuna.com.

11 чэрвеня выканкам Украінскай футбольнай асацыяцыі зацьвердзіў афіцыйны футбольны статус лёзунгаў «Слава Украіне!» і «Героям слава!», заявіў прэзыдэнт арганізацыі Андрэй Павелка.

«Выканкам аднагалосна — 45 чальцоў „за“ — падтрымаў маю прапанову і зацьвердзіў футбольную сымболіку Ўкраіны. З гэтага часу разам з эмблемай асацыяцыі на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах і на міжнароднай арэне ў матчах нацыянальных каманд можна выкарыстоўваць вялікі герб — мапу Украіны з трызубам у цэнтры. Таксама выканкам зацьвердзіў афіцыйны футбольны статус лёзунгаў „Слава Украіне!“ і „Героям слава!“, якія на працягу многіх гадоў былі прывітаньнем для мільёнаў нашых прыхільнікаў у нашай краіне і ва ўсім сьвеце», — адзначыў Андрэй Павелка.

Кіраўнік Украінскай футбольнай асацыяцыі назваў прынятае рашэньне «гістарычным».

«Унікальны нацыянальны футбольны кодэкс, які зьмяшчае гэтыя атрыбуты, аб’ядноўвае ўсіх украінцаў з розных рэгіёнаў дзяржавы і нашых суайчыннікаў з розных краін і кантынэнтаў. Для нас вялікі гонар абараняць нашу краіну і напаўняць яе новай сілай яднаньня! Віншуем усю футбольную Ўкраіну з гэтым гістарычным рашэньнем! Слава Ўкраіне! Героям слава!», — падсумаваў футбольны функцыянэр.

Што не падабаецца расейцам

Расею раздражняюць абрысы тэрыторыі Ўкраіны да расейскай акупацыі Крыму і часткі Данбасу, але ў УЭФА да гэтага няма прэтэнзій, паколькі ААН прызнае тэрыторыю Ўкраіны менавіта ў межах да расейскай агрэсіі.

Расейскі футбольны саюз (РФС) застаўся незадаволеным такім рашэньнем УЭФА. Пачэсны прэзыдэнт РФС Вячаслаў Каласкоў заявіў, што гэта «ніякае не рашэнне пытаньня».

«Катэгарычна ня згодны з рашэньнем УЭФА! Што „Слава Україні“ палітычны сьлёган, што „Героям слава!“ Прыбраць другое — гэта мінімальная саступка, на якую пайшоў УЭФА, і тое пасьля лістоў РФС. УЭФА стварыла прэцэдэнт, зь якога потым можна ня выйсьці».

Раней новыя гульнявыя строі зборнай Украіны на чэмпіянат Эўропы, выкананыя ў трох камплектах — жоўтым, сінім і белым, выклікалі шэраг пратэстаў з боку расейскіх палітыкаў. Яны назвалі гэта спробай палітызацыі спорту.

Заўзятары зборнай Украіны вінавацяць міжнародную арганізацыю ў працы ў інтарэсах расейскай кампаніі «Газпром», якая ўжо шмат год зьяўляецца афіцыйным спонсарам Лігі чэмпіёнаў і іншых праектаў пад эгідай УЭФА.

Чэмпіянат Эўропы ў футболе стартуе 11 чэрвеня. Украінскія футбалісты трапілі ў адну групу з камандамі Аўстрыі, Нідэрляндаў і Паўночнай Македоніі. Зборная Ўкраіны рыхтуецца да турніру ў румынскім Бухарэсьце, а 13 чэрвеня правядзе першы матч зь Нідэрляндамі ў Амстэрдаме.