Паводле Натальлі, яе сын не захацеў падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Чаму і на якіх умовах сыну прапанавалі падпісаць прашэньне аб памілаваньні, Натальля ня ведае. Паводле жанчыны, яе размова з сынам на гэтую тэму была кароткай зь невядомай ёй прычыны.
«Пазваніў сёньня праз тэлефон — быў рэгулярны званок. А я раней чытала навіны пра такія прапановы, і нават ведаю сваякоў хлопцаў, каму прапаноўвалі, таму спытала, ці зь ім такое было. І ён коратка адказаў, што так, таксама прапаноўвалі, але ён адмовіўся. І больш пра гэта гаварыць ня стаў. Магчыма, нешта ці нехта яму заміналі», — мяркуе Натальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку прашэньні аб памілаваньні ад палітвязьняў? Дыскусія экспэртаўПаводле інфармацыі Натальлі, у івацэвіцкай калёніі № 22 сама меней чатыром вязьням, асуджаным за пратэсты, прапаноўвалі падаваць прашэньні аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, і двое адмовіліся гэта рабіць.
Уладзіславу 28 гадоў, ён жанаты. Затрымалі яго ў верасьні мінулага году. У 22-й калёніі Ўладзіслаў з 1 сакавіка. Працуе на дрэваапрацоўцы. У траўні маці прыяжджала да сына на першае спатканьне.
«Казаў, спачатку іншыя вязьні ледзь ня пальцам на „палітычных“ паказвалі. Маўляў, глядзіце, вунь бчбэшнік ідзе. Адміністрацыя таксама ставілася асабліва. Там усіх палітычных, хто трапляе ў калёнію, прапускаюць ня толькі праз карантын, але і праз карцар. Сын ужо сядзеў у карцары, і „атаварку“ яму скарацілі. Але паступова стаўленьне нармалізавалася. Расказваў, што па БТ там бачылі пра тое, як памёр вязень у калёніі, а тады даведаліся, што гэта „палітычны“, Вітольд Ашурак. І сказаў, што стаўленьне ахоўнікаў з таго часу стала лепшым», — расказала Натальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Казалі, што абавязкова прашэньне на імя Лукашэнкі». Як датэрмінова вызвалялі асуджаных за Плошчу-2010Паводле Натальлі, яе сын на судзе не прызнаў віны, але кампэнсацыю міліцыянтам, якіх суд прызнаў пацярпелымі, ён ужо сплаціў.
«700 рублёў і штраф мы сплацілі», — кажа Натальля.