Менскі хакейны клюб «Юнацтва» выключылі з удзельнікаў розыгрышу Лігі чэмпіёнаў

Украінскі хакеіст Аляксандар Мацярухін з сынам падчас выступу за "Юнацтва", архіўнае фота

8 чэрвеня рашэньне аб дыскваліфікацыі прыняла рада CHL (Champions Hockey League) на пазачарговым сходзе.

Чальцы праўленьня вырашылі, што ўдзел беларускай каманды суправаджаецца занадта вялікай колькасьцю непрадказальных фактараў для ўсіх зацікаўленых бакоў. У выніку wild card для менскага «Юнацтва» агнулявалі, паведамляецца на сайце лігі.

«Нядаўні інцыдэнт з самалётам Ryanair у Беларусі і наступныя рэакцыі эўрапейскіх урадаў стварылі непрадказальныя наступствы — паездкі ў Менск сталі складанымі. Рашэньні аб спыненьні авіяпералётаў набылі моц, некаторыя прыпыненыя сама меней да канца кастрычніка. Пры гэтым немагчыма прадбачыць, што можа адбыцца ў далейшым», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу выпусьціла дырэктыву, каб абавязаць пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі

Паколькі адной з абавязковых умоваў агульнаэўрапейскага спаборніцтва ёсьць бясьпечнае перамяшчэньне і знаходжаньне камандаў, заўзятараў, афіцыйных асобаў, спонсараў, партнэраў і пастаўшчыкоў паслуг, у дачыненьні Беларусі такія ўмовы не гарантаваныя, адзначаецца ў паведамленьні.

Раней праз гвалт і рэпрэсіі Міжнародная фэдэрацыя хакея пад ціскам грамадзкасьці і спонсараў адмяніла беларускую частку чэмпіянату сьвету, якую мусілі супольна прыняць Менск і Рыга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля паразаў на хакейным чэмпіянаце Захараў пакінуў пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі

У выніку спаборніцтвы прайшлі ў Латвіі, беларуская зборная на чале зь Міхаілам Захаравым, які доўгі час трэнаваў «Юнацтва», па выніках турніру заняла перадапошняе, 15-е месца.