Лукашэнка падпісаў «антыэкстрэмісцкія» зьмены ў Крымінальны кодэкс

Закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці» 8 чэрвеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Большая частка зьменаў набудзе моц празь дзесяць дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любая дзейнасьць можа падпасьці пад экстрэмісцкую». Юрыст тлумачыць, што можа пагражаць паводле новага і дзейнага заканадаўства

У прыватнасьці, уводзіцца крымінальная адказнасьць:

  • за наўмысную перадачу інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак іншай асобы безь яе згоды;
  • у дачыненьні да ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеціўнага выданьня, за распаўсюд забароненай інфармацыі цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такое ж парушэньне;
  • удзел у экстрэмісцкім фармаваньні і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
  • парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў асобай, якая цягам году пасьля накладаньня двух адміністрацыйных спагнаньняў зноў парушыла закон;
  • невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненьні яе дзейнасці;
  • кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае права кіраваньня, паўторна цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня;
  • падатковае махлярства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першым і другім чытаньні. Палата прадстаўнікоў прыняла «рэпрэсіўныя законапраекты»

Узмацняецца крымінальная адказнасьць:

  • за паклёп, заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • наўмысныя несанкцыянаванае капіяваньне, перахоп кампутарнай інфармацыі або іншае неправамернае завалоданьне зьвесткамі;
  • супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку;
  • гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасьці;
  • гвалт, зьнішчэньне і пашкоджаньне маёмасьці ў дачыненьні да службовай асобы і яе блізкіх — супрацоўніка праваахоўных органаў, судзьдзі, народнага засядацеля;
  • дэманстрацыю нацысцкай сымболікі;
  • рэабілітацыю нацызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарантуецца свабода меркаваньняў, але не прапаганда варожасьці». Канстытуцыйны суд ўхваліў рэпрэсіўныя законы

Пад крымінальны перасьлед таксама можна трапіць за шэраг іншых правапарушэньняў:

  • абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў;
  • публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікетаваньня альбо ўцягваньне ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзеньне пацягнула празь неасцярожнасьць гібель людзей;
  • прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджаньня асобе або прычыненьне шкоды ў буйным памеры;
  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў;
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • наўмыснае блякаваньне транспартных камунікацый;
  • ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула шкоду ў буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура пачала зьбіраць факты, як беларусаў зьнішчалі 80 гадоў таму