Журналісткі тэлеканалу «Белсат» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, якія знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 году, сталі пераможцамі спэцыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфэльда ў межах нямецкай журналісцкай прэміі Axel-Springer-Preis.
Як паведамляе «Белсат», прэмія Axel-Springer-Preis заснаваная ў 1991 годзе аднайменным выдавецтвам, штогод яе прысуджае нямецкая Акадэмія журналістыкі. У межах прэміі Axel-Springer-Preis ёсьць некалькі намінацыяў. Адна з іх — спэцыяльная прэмія імя Джорджа Вайдэнфэльда. Ёй узнагароджваюць за выбітныя дасягненьні ў журналістыцы расьсьледаваньняў, адважную і рызыкоўную рэпарцёрскую працу. Гэта адзіная намінацыя Axel-Springer-Preis, дзе пераможцамі могуць быць ня толькі нямецкамоўныя журналісты. Першым пераможцам спэцыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфэльда ў 2019 годзе пасьмяротна стаў славацкі журналіст Ян Куцыяк. Сёлета ўпершыню ляўрэатамі гэтай прэміі сталі журналісты з Беларусі.
«Прэмія Джорджа Вайдэнфэльда прысуджаецца Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой, якія рызыкнулі ўсім, каб паказаць сьвету, што адбываецца ў Беларусі», — цытуе Белсат сябра журы Паўля Ранцхаймэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Упершыню за паўгода ўбачыла неба і сонца». Зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву перавялі ў Гомель ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карычневая шыльда на дзьвярах камэры, нашыўка на робе. Як за кратамі пазначаюць «палітычных»