Францыя аштрафавала Google за манаполію ў онлайн-рэкляме

Антыманапольны рэгулятар Францыі аштрафаваў карпарацыю Google на 220 мільёнаў эўра. Ведамства выявіла, што кампанія злоўжывала дамінуючым становішчам пры разьмяшчэнні онлайн-рэклямы.

Раней на Google паскардзіліся тры мэдыя — News Corp, француская штодзённая газэта Le Figaro і бэльгійская Groupe Rossel. Яны абвінавацілі карпарацыю ў манаполіі на продаж рэклямы для іх вэб-сайтаў і аплікацыяў. Рэгулятар растлумачыў, што карпарацыя давала перавагі сваім тэхналёгіям Google Ad Manager.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі Google прызналіся ў сачэньні без дазволу за карыстальнікамі смартфонаў

Карпарацыя ня стала аспрэчваць штраф і абяцала палепшыць узаемадзеяньне свайго рэклямнага сэрвісу з трэцімі бакамі.

Два гады таму кампанія Google атрымала штраф памерам больш за чатыры мільярды эўра ад Эўракамісіі за парушэньне антыманапольнага заканадаўства. Эўрапейскі рэгулятар прызнаў, што карпарацыя цалкам манапалізавала апэрацыйную сыстэму Android у сфэры пошукавікаў і браўзэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя аштрафавала Google на 1,1 мільёна эўра за падманлівыя рэйтынгі гатэляў