Украінцам, якія афіцыйна ваявалі на ўсходзе Ўкраіны, забараняюць уезд у Беларусь?

Пераход «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы

Беларусь магла забараніць уезд на сваю тэрыторыю грамадзянам Украіны, якія служылі ва Ўзброеных сілах Украіны і ваявалі на ўсходзе краіны.

Гэткую выснову можна зрабіць з выраку, ухваленага адным з судоў Валынскай вобласьці ў дачыненьні да грамадзяніна Ўкраіны — ён спрабаваў незаконна пераправіць у Беларусь украінца, якому адмовілі ва ўезьдзе на беларускую тэрыторыю.

У судовым рашэньні ўказваецца, што ўкраінец, былы вайсковец, шукаў спосаб заехаць у Беларусь па-за пунктам пропуску, бо беларускія памежнікі папярэдзілі яго пра тое, што «ён нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь у сувязі з праходжаньнем вайсковай службы ва Ўзброеных сілах Украіны, у прыватнасьці ў зоне правядзеньня апэрацыі аб’яднаных сіл на ўсходзе Ўкраіны». (У адзіны рэестр дасудовых расьследаваньняў ва Ўкраіне гэтая справа была ўключана 6 лістапада 2019 году пад нумарам 2019030000000793).

Свабода спрабавала атрымаць пацьверджаньне гэтай інфармацыі ад Памежнага камітэту Беларусі. Нумары прэсавай службы Памежнага камітэту не адказваюць.