Эканамічны суд Менску пачаў разгляд пазову «Белкаапсаюзу» да індывідуальнага прадпрымальніка Анжалікі Агурбаш аб вяртаньні маёмасьці, піша Tut.by.
Як паведаміла на судзе начальніца юрыдычнага аддзелу «Белкаапсаюзу», у лістападзе 2018 году арганізацыя заключыла са сьпявачкай Агурбаш дамову камісіі аб рэалізацыі тавару — 40 футраў. Паводле яе, пасьля заключэньня дамовы Агурбаш адгрузіла тавар і, паводле дакумэнту, мусіла рэгулярна пералічваць грошы ад рэалізацыі футраў, але гэтага не рабіла.
Белкаапсаюз падаў пазоў аб вяртаньні маёмасьці на суму ў расейскіх рублях, што ў эквіваленце складае каля 83 тысяч даляраў.
«Улічваючы публічнасьць асобы пазванай, мы спрабавалі ўрэгуляваць спрэчку шляхам перамоваў, але штораз у пазванай знаходзіліся аргумэнты аб тым, што цяпер складаная эпідэмічная сытуацыя», — сказаў юрыст «Белкаапсаюзу».
Ні сама Агурбаш, ні яе юрысты ў суд не прыехалі. Апошнім часам сьпявачка жыве за мяжой, а ў Беларусь ляцець баіцца з прычыны магчымага перасьледу: пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Анжаліка неаднаразова выступала ў абарону беларускага народу, заяўляла, што патрэбны ня санкцыі, а арышт канкрэтных злачынцаў, якія чыняць беззаконьне ў краіне. Сярод іншага яна заявіла, што «лукашызм — гэта катастрофа» і што ў будучыні Беларусь абавязкова верне дзяржаўны статус бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш пра катастрофу пад назвай «лукашызм» і свой 100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2200 беларусаў падпісаліся пад мэмарандумам у абарону незалежнасьці — палітыкі, дзеячы культуры, спартоўцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірына Білык з Украіны адмовілася ад удзелу ў «Славянскім базары». А хто яшчэ?