Адпаведны анонс разьмешчаны на сайце камітэту.
Як паведамляе БелаПАН, слуханьні, якія пачнуцца ў 17.00 паводле менскага часу, будуць праходзіць у онлайн-фармаце.
Акрамя Ціханоўскай сьпікерамі заяўленыя амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і прэзыдэнт «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» Джэймі Флай.
Як паведамлялася, 1 чэрвеня Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з амэрыканскімі сэнатарамі Джын Шагін, Крысам Мэрфі і Робам Портманам. Яны запрасілі яе ў чэрвені выступіць у камітэце замежных справаў Сэнату.
Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала сэнатарам за прыняцьце «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Яна абмеркавала з сэнатарамі атакі на Hrodna.life, Tut.by, «Белсат» і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу «Радыё Свабода» і стварыць беларускую рэдакцыю «Голасу Амэрыкі».
Сэнатар Джын Шагін падкрэсьліла, што ў пытаньні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазыцыю і будуць падтрымліваць беларусаў. Роб Портман адзначыў, што час заяваў мінуў і надышоў час рашучых дзеяньняў, таму ЗША гатовыя да сэктаральных санкцый, каб спыніць беззаконьне і самавольства рэжыму. Ціханоўская сказала, што «цяпер Лукашэнка — пагроза ня толькі беларускай, але і міжнароднай бясьпецы», і заклікала даць выразны сыгнал Расеі, што «любыя дамовы, падпісаныя зь нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя або адмененыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія сэнатары сустрэліся ў Вільні зь Ціханоўскай і запрасілі яе ў ВашынгтонНа сустрэчы таксама абмяркоўваўся магчымы ўдзел Ціханоўскай у саміце «Вялікай сямёркі». Ціханоўская адзначыла важнасьць сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазыцыю ад беларускіх дэмакратычных сілаў да гэтай сустрэчы.
Сустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасьля саміту «Вялікай сямёркі» (11–13 чэрвеня, Карбіс-Бэй, паўвыспа Карнўол, Вялікабрытанія), куды гатовая прыехаць і расказаць аб сытуацыі Ціханоўская. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.
Прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэнэве прэзыдэнт ЗША мае намер узьняць пытаньне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасьць амэрыканскага боку.