Футбалістка берасьцейскага «Дынама» Вікторыя Сідарчук, якая ў канцы траўня выказала свой пратэст пасьля гісторыі з захопам самалёта і арыштам Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, пакінула клюб. На адным з матчаў пасьля таго здарэньня Сідарчук адвярнулася ад чырвона-зялёнага сьцяга падчас прайграваньня гімну. Паводле інфармацыі «Трыбуны», за такі дэмарш спартсмэнку адлічылі з каманды.
Наступствы такога рашэньня адбіліся на «Дынама» адразу ж — перад матчам чвэрцьфіналу Кубку Беларусі высьветлілася, што берасьцейкі нават не набіраюць поўнага стартавага складу. На поле каманда выйшла ўдзесяцёх і прагуляла магілёўскаму «Дняпру» з разгромным лікам 0:11.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры футбалісты адмовіліся ад удзелу ў матчы да 110-годзьдзя беларускага футболуТаксама пад рэпрэсіі трапіла дасьведчаная спартсмэнка, удзельніца дзясяткаў міжнародных і нацыянальных змаганьняў у лёгкай атлетыцы Сьвятлана Кудзеліч. Кудзеліч раней падпісалася за новыя выбары і супраць гвалту, у траўні яе выключылі са зборнай Беларусі, пра што яна цяпер распавяла журналістам.
Сьвятлана правяла паўгода ў Кеніі, дзе рыхтавалася да маратону ў Капэнгагене. Аднак важны старт у Даніі адмянілі праз каранавірус, і ў выніку Кудзеліч амаль пазбавілася шанцаў здабыць алімпійскую ліцэнзію. Аднак нават у выпадку яе заваяваньня яна не прадстаўляла б Беларусь, бо выключаная з нацыянальнай каманды.
Муж і трэнэр Кудзеліч Ігар Жаваранак сказаў, што рашэньне пра выключэньне Сьвятланы са зборнай кіраўнікі прынялі яшчэ 5 траўня, але паведамілі пра гэта амаль празь месяц. А цяпер сталі пазьбягаць любых сустрэч са Сьвятланай і яе трэнэрам.
«Калі да ўлады прыйдуць нармальныя людзі, усё зьменіцца — і Сьвета будзе выступаць за Беларусь. Выступаць ж за „Беларусію“ асаблівага жаданьня няма. Тым больш цяпер ёсьць варыянты быць нэўтральным атлетам. У Міжнародным алімпійскім камітэце і ІААФ (Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі) ёсьць паняцьце „рэпрэсаваны спартовец“. І ніхто не забароніць атлету, які мае выкананы нарматыў, удзельнічаць у Алімпіядзе, да прыкладу. Усё магчыма», — сказаў Жаваранак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як можна заўзець за спартсмэна, які згодны з гвалтам?»Пры гэтым сама Кудзеліч прызналася, што шанцаў трапіць на Гульні ў Токіа пасьля адмены маратону ў Даніі ў яе амаль не засталося, і цяпер яна настройваецца на Алімпіяду-2024.
Яшчэ адну падпісантку ліста за новыя выбары ў краіне Вольгу Мазуронак рэпрэсіі пакуль не закранулі — яна працягвае рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў у Токіа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самбіст Сьцяпан Папоў: «Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японскія лекары заявілі, што немагчыма бясьпечна правесьці Алімпіяду ў Токіё