«Народная Воля» запатрабавала ад МУС абвяржэньня інфармацыі пра падпольную друкарню

Іосіф Сярэдзіч

Паводле прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай, у падпольнай друкарні, кіраўніка якой нібыта выкрылі напярэдадні, друкавалі і «Народную Волю». Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч зьняпраўдзіў гэтыя словы.

Наконадні прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра затрыманьне дырэктара прыватнай друкарні, які нібыта друкаваў улёткі, стыкеры і газэты са зьместам супраць кіраваньня Лукашэнкі. Газэты незарэгістраваныя і сярод іх — «Народная воля», пра гэта на відэа кажа чалавек, імя якога міліцыянтамі не называецца.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч запатрабаваў ад МУС абвяржэньня апублікаванай інфармацыі, піша «Наша Ніва».

«Афіцыйна заяўляем, што газэта „Народная Воля“ друкавалася выключна ў Беларускім доме друку, а пасьля таго, як гэта стала немагчымым па незалежных ад нас прычынах, газэта абсалютна легальна выдавалася ў Маскоўскай друкарні „Прайм-прынт“ (горад Даўгапрудны, Маскоўская вобласьць). Ні ў якіх іншых прыватных друкарнях „Народная Воля“ не выдавалася».

Апошні нумар газэты «Народная Воля» на паперы быў надрукаваны 13 лістапада 2020 году і дастаўлены ў Менск. У гэты ж дзень наклад захапілі невядомыя асобы ў масках. Лёс гэтага накладу застаўся невядомым. З тых часоў «Народная Воля» выходзіць выключна ў электронным фармаце.

«„Народная Воля“ — афіцыйна зарэгістраваны сродак масавай інфармацыі. У сувязі з гэтым просім абвергнуць недакладную інфармацыю, распаўсюджаную на шэрагу рэсурсаў ад асобы прэс-сакратара МУС і ГУБАЗіК МУС, а таксама падхопленую іншымі інтэрнэт-рэсурсамі», — напісаў Іосіф Сярэдзіч.