Праўладны Беларускі саюз журналістаў могуць пазбавіць членства ў Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (IFJ).
«Учора наш адміністрацыйны камітэт рэкамэндаваў адхіліць Беларускі саюз журналістаў ад членства. Журналісты заслугоўваюць самай поўнай падтрымкі ў гэтыя крытычныя часы. Вызваліце зьняволеных журналістаў!» — паведамляе IFJ у сваім твітэр-акаўнце.
Беларускі саюз журналістаў узначальвае палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Крывашэеў.
- Міжнародная фэдэрацыя журналістаў са штаб-кватэрай у Брусэлю — найбуйнейшая ў сьвеце арганізацыя прафэсійных работнікаў СМІ. Заснаваная ў 1926 годзе, цяпер яна прадстаўляе прыкладна 600 тысяч журналістаў з больш як 139 краін.
- Фэдэрацыя абараняе сацыяльныя і прафэсійныя правы журналістаў, якія працуюць у друкаванай і электроннай прэсе. Мае кансультатыўны статус у такіх арганізацыях сыстэмы ААН, як ЮНЭСКА, МАП, САІУ, Камітэт па правах чалавека, а таксама ў Радзе Эўропы і іншых міжнародных арганізацыях.