У Радзе нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны расказалі, у якім выпадку адновяць авіязносіны зь Беларусьсю

Самалёт авіякампаніі Ryanair, які затрымалі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што аднаўленьне зь Беларусьсю авіязносін, спыненых з ініцыятывы Ўкраіны, будзе залежаць ад беларускіх уладаў і іх стаўленьня да правоў чалавека.

«Наконт аднаўленьня — гэта будзе залежаць не ад нас, а ад палітыкаў Беларусі, якім чынам яны будуць паводзіцца з тымі палітычнымі вязьнямі, якіх сёньня ўжо тысячы ў Беларусі», — заявіў Аляксей Данілаў пасьля чарговага пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны 4 чэрвеня.

Паводле яго, сёньня беларускае пытаньне і сытуацыя ў Беларусі не абмяркоўвалася.

Камэнтуючы запрашэньне Аляксандрам Лукашэнкам сьледчых з так званай «ЛНР» для правядзеньня сьледчых дзеяньняў з затрыманым журналістам Раманам Пратасевічам і перанос перамоўнай пляцоўкі зь Беларусі ў іншую краіну, сакратар Рады нацбясьпекі сказаў:

«Зараз ідзе вельмі такая магутная інфармацыйная кампанія ў гэтым пляне. Ці будзем мы пераносіць нашыя перамовы зь Менску — такое пытаньне ёсьць».

«Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на наступную рэч. Калі Ўладзімір Пуцін вядзе перамовы з Лукашэнкам, чалавекам, які не прызнаны ніводнай цывілізаванай краінай сьвету як прэзыдэнт Беларусі, то пра якія дамоўленасьці ў іх можа ісьці гаворка і якія яны могуць падпісваць тыя ці іншыя пагадненьні? Тут ёсьць вялікае пытаньне наконт гэтых кантактаў і як яны будуць разглядацца. Але мы ўсьведамляем, што гэтае пытаньне на міжнародным узроўні дакладна ніхто ня можа прызнаць, таму што на сёньня для максымальнай большасьці краін сьвету Лукашэнка ня ёсьць прэзыдэнтам Беларусі», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Украіны патлумачыў, чаму закрылі неба для беларускіх самалётаў

Украіна не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і замарозіла дачыненьні з Аляксандрам Лукашэнкам пасьля жорсткіх разгонаў акцыяў пратэсту ў жніўні 2020 году.

  • 25 траўня Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны паведаміла аб увядзеньні поўнай забароны на авіяцыйныя перавозкі паміж Украінай і Беларусьсю з 00:00 26 траўня для ўкраінскіх і беларускіх перавозчыкаў, а з 29 траўня — аб поўным закрыцьці паветранай прасторы і для транзытных авіярэйсаў зь Беларусі.
  • Кіраўніцтва Ўкраіны неаднойчы заяўляла пра намер далучыцца да эўрапейскіх санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня, датычнага да фальсыфікацый вынікаў выбараў і катаваньня ўдзельнікаў акцый пратэсту, але пакуль што гэтага не зрабіла.
  • Вядома, што Міністэрства замежных спраў Украіны падрыхтавала адпаведнае рашэньне. 6 траўня яго разгледзеў урадавы камітэт, пазьней падтрымаў Кабінэт міністраў Украіны.
  • Рашэньне аб санкцыях ухваляе Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, а юрыдычную моц яно набывае пасьля падпісаньня прэзыдэнтам краіны адпаведнага ўказу.