«Гэта зусім дакладна. Джулі Фішэр асабіста вольная падтрымліваць любыя законныя памкненьні любых грамадзян, хоць у Грэнляндыі або на Паўночным полюсе. Таму што ніякага афіцыйнага дачыненьня да Беларусі яна пакуль ня мае.
У адпаведнасьці з пунктам 1 артыкулу 13 Венскай канвэнцыі лічыцца, што кіраўнік прадстаўніцтва прыступіў да выкананьня сваіх функцый у дзяржаве знаходжаньня ці з моманту ўручэньня сваіх даверчых лістоў, ці з моманту паведамленьня аб сваім прыбыцьці і падачы завераных копій грамат.
Так што да завяршэньня акрэдытацыі Джулі Фішэр мае толькі гучны статус прызначанага амбасадара ЗША ў Беларусі, і тое выключна для ўнутраных мэтаў амэрыканскага боку. Ніякіх міжнародна-прававых падстаў для іншага тлумачэньня няма, роўна як і для таго, каб лічыць афіцыйнымі яе заявы альбо іншую дзейнасьць у дачыненьні да нашай краіны», — заявіў Анатоль Глаз.
У Беларусі з 2008 году не працуе амбасадар ЗША, ён быў адкліканы на патрабаваньне Менску пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцый ЗША ў 2008 годзе, тады ж склад амбасады ЗША быў скарочаны з 35 да 5 дыпляматаў.
У ЗША яшчэ ранейшай адміністрацыяй у 2020-м прызначылі новага амбасадара ў Менску Джулі Фішэр, але ў Менск яна так і не прыехала. Пабывала ў сталіцах краін Эўразьвязу, сустракалася з прадстаўнікамі іх урадаў, а таксама са Сьвятланай Ціханоўскай. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» яна заявіла, што ёй не даюць беларускай візы для ўезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: Улады Беларусі давялі нашыя адносіны да гэтага пункту бязьлітаснымі рэпрэсіямі3 чэрвеня на брыфінгу ў Вашынтоне прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што новыя абмежаваньні колькасьці дыпляматычнага і тэхнічнага пэрсаналу ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску, уведзеныя беларускімі ўладамі, набываюць моц 13 чэрвеня.
Ён таксама дадаў, што сваю працу працягне і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
«Амбасадарка Фішэр працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу, і яна будзе працягваць за межамі Беларусі ўзаемадзейнічаць зь лідэрамі дэмакратычнага руху, супрацоўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, студэнтамі і іншымі чальцамі грамадзянскай супольнасьці, каб выказаць ім нашую падтрымку. Яна таксама будзе працягваць узаемадзейнічаць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — сказаў прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
3 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі абвясьціла пра меры ў адказ у сувязі з уступленьнем у сілу санкцыяў ЗША ў дачыненьні да некалькіх беларускіх прадпрыемстваў.
Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза, гэтыя меры ў адказ прадугледжваюць «скарачэньне дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амэрыканскай дыпмісіі, узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне працы амэрыканскіх адмыслоўцаў у Беларусі, якія працуюць на часовай аснове».
Адклікана таксама рашэньне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь абвясьціла санкцыі супраць ЗША: узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне ліку дыпляматаў