МЗС Нямеччыны выказалася з нагоды спробы суіцыду палітьвязьня Латыпава

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Бэрліне, архіўнае фота

Афіцыйны Бэрлін паабяцаў паскорыць прыняцьце новых санкцый супраць Лукашэнкі.

«Гэта шакуе і сымбалізуе безнадзейнасьць, у якую Лукашэнка апускае беларусаў з дапамогай рэпрэсіяў і жорсткага гвалту», — заявіла ў Бэрліне на ўрадавай прэс-канфэрэнцыі прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Нямеччыны Марыя Адэбар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі падтрымалі жорсткі адказ на дзеяньні ўладаў Беларусі

Яна запэўніла, што Нямеччына будзе садзейнічаць пашырэньню санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

«Падчас цяперашніх кансультацыяй у Брусэлі, якія заўважна рухаюцца наперад, Бэрлін выступае за тое, каб гэта адбылося хутка і эфэктыўна», — адзначыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Латыпава пасьля спробы суіцыду перавезьлі са шпіталя ў СІЗА-1 

Мянчук Сьцяпан Латыпаў, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, 1 чэрвеня зьдзейсьніў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.