Суды і выракі 3 чэрвеня: 1,5 года «хатняй хіміі» за адно слова ў адрас сілавіка, 2 гады — за абразу Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота

«Хімія», «хатняя хімія», калёніі строгага і агульнага рэжымаў, а таксама буйныя штрафы — у Беларусі штодня гучаць крымінальныя прысуды тым, хто выступіў супраць Лукашэнкі і за новыя выбары. Свабода піша пра рашэньні судоў.

Два гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі

3 чэрвеня Цэнтральны суд Менска пакараў двума гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») Сяргея Пракопчыка. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК.

Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Карсюк, дзяржабвінавачаньне падтрымаў пракурор Арцём Цьвяткоў.

Сяргея Пракопчыка прызналі вінаватым у тым, што ў ліпені і верасьні мінулага году ён разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацсетцы «ВКонтакте» фатаздымкі Лукашэнкі зь непрыстойнымі камэнтарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 году строгага рэжыму. Агучылі прысуд яшчэ 13 фігурантам «карагоднай справы»

49-гадовы мужчына прызнаў віну, патлумачыўшы, што гэта здарылася «праз эмоцыі». Напрыклад, здымак, на якім Лукашэнка сядзіць пасярод людзей у балаклавах, запосьціў пасьля таго, як сілавікі зьбівалі людзей падчас пратэстаў.

У часе працэсу аказалася, што да матэрыялаў справы далучаны ня той сродак сувязі, з дапамогай якога разьмяшчаліся запісы: тэлефон набыты сёлета ў лютым. Дзяржабвінаваўца ўпэўнены, што дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Аднак папрасіў выключыць тое, што сродкам, зь якога адпраўленыя камэнтары, быў менавіта згаданы тэлефон. З абвінавачаньня ён таксама папрасіў выключыць тое, што Лукашэнку прычыненыя маральныя пакуты, паколькі не было магчымым тое даказаць.

Судзьдзя вынес дзьве прыватныя пастановы. Першую — за дрэнна праведзеныя сьледчыя дзеяньні наконт тэлефона. Другую — за недастатковую прафіляктычную працу кіраўніцтву трамвайнага парку, працаўніком якога зьяўляецца Сяргей Пракопчык.

«Хатняя хімія» за абразу міліцыянта

У судзе Менскага раёну асудзілі жыхара пасёлка Сосны, кіроўцу таксі Сяргея Шарына, абвінавачанага ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала судзьдзя Анжаліка Казлова. Шарын абараняў сябе сам, без адваката, піша «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі абласны суд яшчэ аднаго асуджанага замест «хіміі» адправіў у калёнію

Згодна з абвінавачаньнем, 25 лістапада 2020 году Сяргей Шарын наўмысна публічна абразіў маёра міліцыі, намесьніка начальніка крымінальнага вышуку Баранавіцкага РАУС Ігара Ярохіна, разьмясьціўшы ў чаце «Карнікі Беларусі» пад яго фатаздымкам слова-камэнтар «мразота». У публікацыі, якую пракамэнтаваў таксоўшчык, пісалі, што Ярохін браў удзел у жорсткіх затрыманьнях мірных пратэстоўцаў.

1 сакавіка Шарына затрымалі, а затым адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе праз 72 гадзіны. Пацярпелы Ярохін на судзе не прысутнічаў празь «непрацаздольнасьць», але пацьвердзіў свой пазоў на кампэнсацыю «маральнай шкоды», якую ён ацаніў у 3000 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 252 гады пазбаўленьня волі. Праваабаронцы пра палітычныя справы і выракі ў траўні

Сяргей Шарын прызнаў віну. Пракурор запрасіў для яго 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, але судзьдзя вынесла больш мяккі прысуд: 1,5 года «хатняй хіміі», гэта значыць без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Таксама Шарын мусіць выплаціць пацярпеламу Ярохіну маральную шкоду, памер якой суд зьменшыў у тры разы. Таксама суд канфіскаваў мабільны тэлефон асуджанага як «сродак учыненьня злачынства».