Парлямэнт Украіны рашуча асудзіў інцыдэнт з самалётам Ryanair і заклікаў вызваліць Пратасевіча і ўсіх палітвязьняў

Вярхоўная Рада Ўкраіны.

Адпаведную заяву, ініцыяваную трыма дэпутатамі праўладнай фракцыі «Слуга народу», падтрымалі 280 з 348 дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны «рашуча асудзіла» дзеяньні ўладаў Беларусі ў прымусовай пасадцы пасажырскага самалёта Ryanair і затрыманьні Рамана Пратасевіча.

У заяве адзначаецца, што гэтыя дзеяньні зьяўляюцца «чарговай праявай наступу беларускай улады на палітычную апазыцыю, свабоду слова і журналісцкую дзейнасьць у Беларусі».

«Вярхоўная Рада заклікае беларускую ўладу неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча і ўсіх палітычных вязьняў, спыніць сваволю і катаваньні, якія прымяняюць органы бясьпекі Беларусі ў дачыненьні да грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай, а таксама гарантаваць павагу да правоў чалавека згодна зь міжнароднымі абавязкамі», — адзначаецца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмовіцца ад перамоўнай пляцоўкі ў Менску ў выпадку допуску пракуратуры «ЛНР» да Пратасевіча

Раней 26 дэпутатаў з трох фракцый і адной групы («Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі, партыі «Голас», праўладнай партыі «Слуга народу» і групы «За будучыню») прапанавалі зьвярнуцца да міжнародных арганізацый, урадаў і парлямэнтаў замежных дзяржаў з заклікам прызнаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі такім, што пагражае міжнароднай бясьпецы. Аднак галіновы камітэт не падтрымаў гэтага звароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі пагражае міжнароднай бясьпецы». У парлямэнце Ўкраіны падрыхтавалі заяву па Беларусі

Як стала вядома Свабодзе, 31 траўня адбылося супольнае пасяджэньне двух парлямэнцкіх камітэтаў — у пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі да Эўразьвязу і ў пытаньнях замежнай палітыкі і міжпарлямэнцкай супрацы, на якім сытуацыю ў Беларусі абмяркоўвалі ў закрытым для журналістаў рэжыме. Вынікам яго стала прапанова ўхваліць больш нэўтральную заяву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму