У Ізраілі абʼявілі пра новую кааліцыю. Гэта азначае адстаўку Нэтаньягу

Чакаецца, што новы кабінэт міністраў узначаліць лідэр ультраправай партыі «Яміна» Нафталі Бэнэт

У Ізраілі лідэр апазыцыйнай партыі «Еш Атыд» (перакладаецца як «Ёсьць будучыня») Яір Лапід паведаміў прэзыдэнту краіны Рэўвэну Рыўліну, што змог сфармаваць уладную кааліцыю.

Пра гэта стала вядома позна вечарам 2 чэрвеня, блізка да паўночы, калі заканчваўся тэрмін, адведзены на перамовы.

Міжпартыйныя кансультацыі працягваліся некалькі тыдняў. У выніку Яір Лапід заявіў, што створыць кааліцыю з удзелам невялікай арабскай партыі РААМ (або «Абʼяднаны арабскі сьпіс»).

Агенцтва DPA адзначыла, што ў Ізраілі «завяршаецца доўгая эра знаходжаньня на пасадзе прэмʼер-міністра Біньяміна Нэтаньягу».

Чакаецца, што новы кабінэт міністраў прыме прысягу 14 чэрвеня, яго ўзначаліць лідэр ультраправай партыі «Яміна» Нафталі Бэнэт.

«Яміна» і «Еш Атыд» дамовіліся пра ратацыю пасады прэмʼер-міністра. Першыя два гады ім будзе Бэнэт, потым — Лапід, які пакуль кіруе МЗС Ізраілю.

На выбарах у сакавіку партыя цэнтрыста Яіра Лапіда заняла другое месца, саступіўшы кансэрватыўнай партыі «Лікуд» Біньяміна Нэтаньягу. Аднак у яго прыхільнікаў не было рашучай перавагі.

У дачыненьні да Біньяміна Нэтаньягу вядзецца справа аб махлярстве.

Напярэдадні ў Ізраілі выбралі новага прэзыдэнта — Іцхака Герцага. Ён зьменіць на пасадзе Рэўвэна Рыўліна 9 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іцхака Герцага выбралі новым прэзыдэнтам Ізраілю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах