Ужо сёньня: гадавіна першай публікацыі пра Курапаты

Курапаты

Падзеі 3 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 чэрвеня 1988 у ЛіМе выходзіць артыкул «Курапаты — дарога сьмерці»

Дзень у гісторыі

1912 — Янка Купала скончыў працу над камэдыяй «Паўлінка».

2006 — Чарнагорыя абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі.

У гэты дзень нарадзіліся

1911 — Ганна Сапрыка, беларуская пісьменьніца, перакладчыца.

1915 — Адольф Гугель, беларускі мастак.

1935 — Васіль Зуёнак, беларускі паэт.

У памяці

1899 — памёр Ёган Штраўс (сын), аўстрыйскі кампазытар, дырыжор і скрыпач, кароль вальсаў (самы славуты —«Казкі венскага лесу»), аўтар апэрэт (найвядомейшыя — «Жанчына-кажан», «Цыганскі барон»).

1924 — памёр Франц Кафка, нямецкамоўны пісьменьнік.

1997 — памёр Янка Сурвіла, грамадзкі дзяяч у эміграцыі, у 1958–1965 арганізатар і вядоўца беларускіх радыёпраграмаў Гішпанскага радыё.

Янка Сурвіла. Мадрыд, 1958

У чатыры гады ён ужо чытаў па-беларуску і дэклямаваў на памяць Купалаву паэму «Курган».

У 1942-м сямнаццацігадовы Янка — дырэктар пачатковай беларускай школкі, спаленай партызанамі.

Па вайне ў беларускім лягеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце ён засноўвае й рэдагуе часопіс «Шляхам жыцьця».

Потым — эміграцыя ў Францыю. Там у 1948-м, на Першым зьезьдзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, адбываецца рамантычнае Янкава знаёмства з зусім яшчэ юнай Івонкаю Шыманец, якая празь дзесяць гадоў стане ягонай жонкаю.

Атрымаўшы стыпэндыю Мадрыдзкага ўнівэрсытэту, Сурвіла вывучае эканоміку і робіць захады, каб арганізаваць беларускамоўныя праграмы Гішпанскага радыё. 25 сакавіка 1952 году ён выходзіць у эфір зь першай скіраванай на Беларусь перадачаю. У 1958–1965 гадах Янка вядзе з Гішпаніі штодзённыя беларускія радыёпраграмы.

Пасьля пераезду Сурвілаў у Канаду наша заакіянская дыяспара атрымала ў асобе Янкі чалавека, які, паводле словаў Барыса Рагулі, «быў прычынны да вытокаў усіх пачынаньняў на беларускай палітычнай і грамадзкай ніве, што зарадзіліся і рэалізаваліся ў Атаве».

Зь дзіцячых гадоў, калі сам змайстраваў свой першы фотаапарат, ён захаваў захапленьне мастацкай фатаграфіяй, пакінуўшы, у прыватнасьці, цэлую галерэю партрэтаў нашых літаратараў-эмігрантаў, у тым ліку партрэт Натальлі Арсеньневай, зьмешчаны ў менскай кнізе яе вершаў «Яшчэ адна вясна» (1996).

У вечнасьць Янка адышоў, як і жыў, грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, Раду якой ад 1997 году ўзначальвае Івонка Сурвіла.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 438–439.