Першым адрасам акцыі Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва назвала пункт пропуску Баброўнікі-Бераставіца з польскага боку мяжы. Збор узгоднены зь мясцовымі ўладамі на 5 чэрвеня.
«Ужо ў гэтую суботу мы, дэмакратычныя сілы Беларусі і беларуская дыяспара Польшчы, прыедзем на польска-беларускую мяжу, каб заклікаць Эўрапейскі Зьвяз увесьці рашучыя і эфэктыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама будзем патрабаваць адкрыцьця наземных межаў для грамадзян Беларусі нелегітымнай беларускай уладай», — гаворыцца на канале Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, якое ачольвае экс-міністар Павал Латушка, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка падаў заяву супраць Лукашэнкі ў Пракуратуру ПольшчыПершыя тры дні на мяжы плянуюць мітынгі і давядзеньне інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі. Удзельнікі не выключаюць, што заблякуюць дарогу да пункту пропуску Баброўнікі-Бераставіца.
«Мы ня можам чакаць, калі рэжым Лукашэнкі зробіць чарговае злачынства — час пераходзіць да актыўных дзеяньняў, — кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка. — Санкцыі — адзін з інструмэнтаў, каб вызваліць палітвязьняў і арганізаваць новыя сумленныя выбары. Адразу пасьля захопу самалёта з Раманам Пратасевічам многія сусьветныя лідэры заявілі, што рэакцыя на злачынствы будзе хуткай і эфэктыўнай. Мы падтрымліваем гэты падыход, аднак ёсьць засьцярогі, што Эўразьвяз зноў ня зробіць рэальных крокаў дзеля пакараньня Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і іншыя дэмакратычныя лідэры заклікалі чыноўнікаў пакінуць Лукашэнку