Беларускія ўлады атрымалі другі транш паўтарамільярднага расейскага крэдыту

Пра тое, што Менск неўзабаве атрымае другі транш крэдыту, было паведамлена пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы на мінулым тыдні.

Тады прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў паінфармаваў, што 500-мільённы транш ад расейскага крэдыту на суму 1,5 мільярда даляраў Менск атрымае да канца чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін паабяцаў Лукашэнку другі транш крэдыту і падняў тэму затрыманьня Сапегі

Аднак ужо 2 чэрвеня на сайце Міністэрства фінансаў Беларусі зьявілася паведамленьне аб тым, што ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж урадамі Беларусі і Расеі аб прадастаўленьні ўраду Рэспублікі Беларусь дзяржаўнага фінансавага крэдыту, «2 чэрвеня 2021 г. на рахунак Міністэрства фінансаў паступілі сродкі другога траншу дзяржаўнага фінансавага крэдыту ў суме эквівалентнай 0,5 млрд. даляраў ЗША».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сказаць, не сказаўшы: Лукашэнка пра крэдыт, датэрміновыя выбары і свой сыход

Пагадненьне аб расейскім крэдыце было падпісана 21 сьнежня 2020 году. Першы транш памерам $ 500 млн міністэрства фінансаў Беларусі атрымала 30 сьнежня летась.