Палітвязень Сьцяпан Латыпаў больш не ў шпіталі на менскай вуліцы Сямашкі, куды яго даставілі 1 чэрвеня пасьля спробы самагубства ў судовай залі. Пра гэта Tut.by распавялі сваякі палітвязьня.
Хутчэй за ўсё, Латыпаў цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Там для яго сёньня прынялі перадачу.
1 чэрвеня 41-гадовы Латыпаў паспрабаваў парэзаць сабе горла ў зале суду. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што мэдыкі апрацавалі рану і ліквідавалі пагрозу жыцьцю. Прадстаўнік лякарні адзначаў у этэры дзяржаўнай тэлевізіі, што Латыпаў пасьля апэрацыі знаходзіўся на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволены Латыпаў спрабаваў парэзаць горла ў залі суду. Яго праапэравалі ў шпіталі. Кажуць, што пагрозы жыцьцю ўжо нямаСьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Пасьля дзьверы ў кватэру ўзламалі, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.
Пазьней Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
- часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
- часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».
Сьцяпан Латыпаў заявіў, што не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.
1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезьлі зь відавочнымі сьлядамі пабояў, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў пра так званую «прэс-хату», у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнаўчых паказаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагрозы брутальнага і беспакаранага гвалту». Сьцяпан Латыпаў пісаў дзіўны ліст перад судом ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «прэс-хата», пра якую перад спробай самагубства казаў Сьцяпан Латыпаў