Уладальніка сайту «Газеты Слонімскай» аштрафавалі за цытаваньне «экстрэмісцкага» рэсурсу да таго, як яго прызналі такім

«Газета Слонімская»

У той момант, калі на сайце апублікавалі гэты матэрыял, інфармацыя з цытаванага рэсурсу экстрэмісцкай яшчэ не лічылася, але на прысуд гэта не паўплывала.

Суд Слонімскага раёну аштрафаваў Яўгена Валадашчука, уладальніка сайту gs.by, на 2610 рублёў. Пасяджэньне прайшло 1 чэрвеня, піша reform.by.

На судзе разглядаліся справы паводле двух адміністрацыйных пратаколаў паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненьні рэдакцыі «Газеты Слонімскай» і ўладальніка сайту gs.by.

Пратаколы склалі ў красавіку за публікацыю на сайце газэты ў чэрвені 2020 году матэрыялу зь інтэрнэт-рэсурсу, які толькі ў кастрычніку аднесьлі да экстрэмісцкіх, гэта значыць за 4 месяцы да таго, як закон забараніў падобныя цытаваньні.

У міліцыю выклікалі аўтара матэрыялу і галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай». Калі з-за мяжы вярнуўся ўладальнік сайту і дырэктар прадпрыемства-выдаўца Яўген Валадашчук, адміністрацыйныя справы завялі і на яго. На той момант матэрыял з сайту ўжо выдалілі. У газэце ж неназваны «экстрэмісцкі» матэрыял не друкавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыніць паляваньне на ведзьмаў». Адкрыты зварот журналістаў да ўладаў накіравалі ў дзяржаўныя ўстановы, пад ім 152 подпісы

«Газета Слонімская» — адно са шматлікіх незалежных выданьняў Беларусі, якія трапілі пад моцны ціск сілавікоў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і пратэстаў супраць Лукашэнкі і яго далейшага кіраваньня. У рэдакцыі правялі ператрус, забраўшы тэхніку і паралізаваўшы працу газэты. Галоўная рэдактарка Ганна Валадашчук вымушана пакінула Беларусь з-за пагрозы крымінальнага перасьледу.

Праз адмову друкарняў выданьне прыпыніла свой выхад на няпэўны тэрмін. З такімі ж праблемамі сутыкнуліся рэдакцыі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета» і «Народная воля». А раней з-за шэрагу праблем закрыліся яшчэ два незалежныя рэгіянальныя выданьні — «Барысаўскія навіны» і «Вольнае Глыбокае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная рэдактарка «Газеты Слонімскай» пакінула Беларусь праз пагрозу крымінальнага перасьледу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыі на атаку ўладаў на Tut.by: «Гэта скачок у Сярэднявечча»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плятформа Рады Эўропы: У Беларусі ідзе беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі