На асуджанага да 2 гадоў пазбаўленьня волі фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў», у калёніі Магілёву завялі новую крымінальную справу паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»), піша «Вясна».
Арцём Анішчук нібыта двойчы адмовіўся прыбіраць у камэры. Але некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат ня могуць зь ім зьвязацца, ад самога асуджанага не паступае ніякіх зьвестак.
Па словах жонкі Анішчука Вольгі, Арцём 29 траўня мусіў ісьці на іншую, больш мяккую меру стрыманьня. Яна мяркуе, менавіта з гэтым зьвязана завядзеньне на яго яшчэ адной крымінальнай справы. Яна ўпэўненая, што Арцёма хочуць маральна зламаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вязьня, асуджанага за пашкоджаньне аўтамабіля міліцыянта, у калёніі завялі новую справуЖонка накіравала скаргі ва ўпраўленьні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Магілёўскай вобласьці і Менску, а таксама начальніку калёніі № 15 у Магілёве на тое, што адваката не пусьцілі да Арцёма ўжо трэці раз. Вольга накіравала скаргу і ў пракуратару Магілёва, дзе напісала, што мужу не даходзяць лісты. Адвакат Анішчука падаў скаргу на бязьдзейнасьць сьледчага ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці, Магілёўскі міжраённы Сьледчы камітэт і Сьледчы камітэт Беларусі па Магілёўскай вобласьці.
1 чэрвеня адваката не пусьцілі да Анішчука ўжо чацьвёрты раз. Таксама Вольга расказала, што Арцёма пазбавілі права на спатканьні да 21 жніўня. Жонка скардзілася і на тое, што Арцём не атрымлівае карэспандэнцыі, але на гэта начальнік калёніі адказаў, што асуджаны сам мусіць выпісваць сабе прэсу.
З Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС напісалі, што для арганізацыі спатканьня з адвакатам нібыта патрэбна заява асуджанага. Гэта парушае працэсуальныя нормы, паколькі паводле закону адвакат мае права трапіць да Анішчука без адпаведнай заявы, бо на зьняволенага заведзена крымінальная справа.
Вольга перакананая, што пад ціскам адміністрацыі калёніі 18 траўня Арцём напісаў, што ня мае патрэбы ў адвакаце, але праз пэўны час, калі яго наведаў сьледчы, сказаў, што патрабуе адваката. У адным зь лістоў муж паведамляў жонцы, што знаходзіўся адзін у памяшканьні камэрнага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць менчукоў за пашкоджаньне машыны жонкі міліцыянта. Пры затрыманьні іх пабілі да крывіЗа што асудзілі Арцёма Анішчука?
Пяць менчукоў затрымаў 29 верасьня ГУБАЗіК і САХР каля машыны намесьніка начальніка аддзелу арганізацыі апэратыўна-рэжымнай працы ў папраўчых установах Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Аляксандра Гейца. Пры затрыманьні выкарыстоўвалі зброю.
Аўтамабіль сям’і міліцыянта быў заліты фарбай, дзьверы запененыя мантажнай пенай, ляк падрапаны, а шыны праколатыя.
Па паказаньнях абвінавачаных, пры пашкоджаньні аўтамабіля і пры затрыманьні прысутнічалі каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных — пяць. У матэрыялах справы яны фігуруюць як «нявызначаныя асобы» ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі сілавікі.
Усе абвінавачаныя на судзе заявілі пра катаваньні і апісалі іх у дэталях, у тым ліку Анішчук.
Дзеяньні пяці затрыманых кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 339 («Злоснае хуліганства»). Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры ператрусе ў іх дамах і машынах пасьля затрыманьня. Судзьдзя Віктар Шаўцоў асудзіў падсудных на тэрміны ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Арцём Анішчук працаваў у Менскім мэтрапалітэне ў групе апэратыўнага рэагаваньня, якая кантралюе правілы бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка: «Страшны прынцып выжываньня ў лягеры становіцца агульным для асобна ўзятай нацыі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «прэс-хата», пра якую перад спробай самагубства казаў Сьцяпан Латыпаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Болтан: Крытыка і санкцыі да Лукашэнкі ня заменяць рэальнай стратэгіі адносна Беларусі