Пра гэта ў справаздачы за травень паведаміў яе заснавальнік Міхаіл Дубакоў. Сам ён рэлякаваўся на Кіпр.
«Уся каманда распрацоўнікаў працавала зь менскага офіса. Але больш не працуе. Палітычная сытуацыя ў Беларусі прымушае людзей эміграваць у іншыя краіны. Цяпер 5 чалавек з нашай каманды на Кіпры, яшчэ 5 — у Польшчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спрасьціла законы: цяпер беларускім кампаніям будзе пераехаць туды лягчэйУ справаздачы айцішнік называе прычыны, якія прымусілі да радыкальнага кроку — закрыцьцё Tut.by і інцыдэнт з самалётам Ryanair. Падзеі, якія сталі апошняй кропляй для многіх беларусаў у рашэньні пакінуць краіну.
«Можаце ўявіць, як складана ў такіх умовах чальцам каманды факусавацца на разьвіцьці Fibery. Рэлякейт — складаны псыхалягічны працэс. Аднак мы павінны прайсьці праз гэтыя турбулентныя часы і выжыць», — зазначыў Міхаіл Дубакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спроба зьнішчыць Tut.bу: прычыны і наступствыПры гэтым ён лічыць, што ў пераезьдзе ёсьць і пазытыўныя рэчы. У прыватнасьці, разумееш сутнасьць аддаленай камунікацыі, празь зьмяншэньне сацыяльных кантактаў больш працуеш, а самае галоўнае — ва ўмовах бясьпекі супрацоўнікі-эмігранты лепш факусуюцца на задачах, чым у непрадказальнай Беларусі.
ІТ-прадпрымальнік Міхаіл Дубакоў у 2004 годзе заснаваў кампанію Targetprocess, якая распрацоўвала сыстэмы кіраваньня праектамі. Некалькі гадоў таму прыцягнуў 5 млн даляраў інвэстыцый ад «Зубр Капіталу» і ЭБРР.
Пазалетась запусьціў плятформу для мэнэджмэнту праектаў Fibery.