Праваабарончы цэнтар «Вясна» прыводзіць высновы травеньскага маніторынгу «палітычных» крымінальных спраў.
- За папярэдні месяц колькасьць палітычных зьняволеных павялічылася на 99 і цяпер складае 449 чалавек.
- Праваабаронцам «Вясны» вядома ня менш чым пра 109 асуджаных за травень па «пратэставых» крымінальных справах.
- Амаль палова прысудаў у траўні вынесена на Берасьцейшчыне — 50.
Сумарна за травень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых праваабаронцам «Вясны», суды вынесьлі:
- 252 гады пазбаўленьня волі;
- 49 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);
- 49 гадоў 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»);
- 6 месяцаў арыштаў па адміністрацыйных справах;
- 8700 рублёў штрафаў (у якасьці дадатковага пакараньня ўжываўся да аднаго асуджанага).
Пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, ужывалася ў траўні ў 53,21% прысудаў, «хімію» прысуджалі ў 21.1% выпадкаў, «хатнюю хімію» – у 23.86% выпадках. Арышт ужываўся ў 1,83% прысудах.
«Падчас разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў становіцца вядома, што да шмат якіх фігурантаў ужываліся забароненыя мэтады вядзеньня сьледзтва, аднак суды пакідаюць такія факты (нават пры наяўнасьці мэдычных дакумэнтаў) без ацэнкі», — адзначаецца ў справаздачы праваабаронцаў.
21 траўня Генэральная пракуратура назвала колькасьць асуджаных у «пратэставых» крымінальных справах — 682 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 682 асуджана, амаль 1000 фігурантаў у справах аб «масавых беспарадках». Генпракуратура абяцае «не спыняцца»Да гэтай катэгорыі ведамства адносіць удзел у масавых беспарадках; дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь невыкананьнем патрабаваньняў прадстаўнікоў улады; гвалт і пагрозы яго ўжываньня да праваахоўнікаў; публічныя абразы; апаганьваньне надпісамі чужой маёмасьці; хуліганства; зьнявага дзяржаўнай сымболікі.