Сёньня Менскі гарадзкі суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу на зьмяшчэньне пад варту галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай і журналісткі парталу Алены Талкачовай.
Стала вядома, што іх абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.1 арт. 16 ч.2 арт. 243 КК), санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў «хіміі» ці ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Суд пакінуў у сіле меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Журналістаў затрымалі 18 траўня, яны знаходзяцца ў СІЗА №1.
Усяго па справе TUT.BY затрымана 15 чалавек, у тым ліку і супрацоўнікі рэдакцыі, якія па сваёй працы не зьвязаныя з эканамічнай дзейнасьцю кампаніі, выплатай падаткаў і юрыдычнымі аспэктамі працы, паведамляе тэлеграм-канал Tut.by.
Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.