Пра гэта заявіў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг.
«Мы вырашылі абмежаваць доступ беларускага пэрсаналу да штаб-кватэры NATO на аснове нашай ацэнкі мер бясьпекі ў штабе», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі 31 траўня.
Гаворка ідзе пра 5 беларускіх дыпляматаў, акрэдытаваных пры штаб-кватэры NATO ў Брусэлі.
Эўрапейскі камэнтатар Свабоды Рыкард Юзьвяк удакладняе, што гэта азначае на практыцы: прадстаўнікі афіцыйнага Менску больш ня змогуць увайсьці ў будынак па сваім пропуску, а ў разе патрэбы — толькі з суправаджэньнем.
28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у інтэрвію Sky News заявіў, што Расея можа быць датычная да інцыдэнту з прымусовай пасадкай у Менску самалёта кампаніі Ryanair, на борце якога знаходзіўся былы галоўны рэдактар тэлеграм-каналу Nexta Раман Пратасевіч і яго дзяўчына, грамадзянка Расеі Соф’я Сапега. Абаіх пасьля гэтага затрымалі.
Генсакратар назваў гэты інцыдэнт «згонам самалёта», які быў арганізаваны Беларусьсю.
Рада NATO запатрабавала ад Менску вызваліць Пратасевіча і Сапегу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генсакратар NATO: цяжка паверыць, што Расея ня ведала пра пляны Беларусі «захапіць» самалёт Ryanair
Апошнім часам афіцыйны Менск часта выказвае абурэньне вучэньнямі NATO ў суседніх дзяржавах і абвінавачвае альянс у нядобразычлівых намерах у дачыненьні да Беларусі.
На мінулым тыдні кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што актыўнасьць NATO ля межаў краіны выглядае як меры папярэдняй падрыхтоўкі да вядзеньня вайсковых дзеяньняў.
«Ствараюцца ўмовы для безумоўнага вайсковага дамінаваньня ў адносінах да Беларусі. Усё вышэйпералічанае зьяўляецца нічым іншым, як мерамі папярэдняй падрыхтоўкі да вядзеньня ваенных дзеяньняў. Гэтыя дзеяньні выклікаюць у нас неспакой і заклапочанасьць, што патрабуе прыняцьця мер у адказ», — прыводзіць словы міністра РИА Новости.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада NATO запатрабавала ад Менску вызваленьня Пратасевіча і Сапегі- Гісторыя ўзаемаадносін Беларусі з NATO пачалася ў 1992 годзе, калі краіна ўступіла ў Раду паўночнаатлянтычнага супрацоўніцтва (трансфармавалася ў 1997 у Раду эўраатлянтычнага партнэрства).
- У 1995 годзе Беларусь падключылася да праграмы «Партнэрства дзеля міру» (ПДМ) дзеля ўзаемадзеяньня ў палітычнай, вайсковай, эканамічнай, навуковай і прававой сфэрах як з NATO, так і з асобнымі дзяржавамі-членамі.
- У 1998 годзе было адкрыта Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы. У яго таксама ўваходзяць два прадстаўнікі Міністэрства абароны РБ.
- У 2019 годзе адносіны Беларусі з альянсам інтэнсіўна разьвіваліся, Менск нават абмяркоўваў з NATO магчымасьць правядзеньня сумесных міратворчых вучэньняў.
- У 2019 годзе Расея спыніла супрацоўніцтва з NATO і па цывільнай, і па вайсковай лініі.
- Падчас выбарчай кампаніі 2020 году афіцыйны Менск загаварыў пра пагрозы з боку альянсу.
- 16 жніўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «войскі NATO ляскаюць гусеніцамі ля брамы Беларусі». Альянс абверг закіды аб нарошчваньні сілаў на мяжы зь Беларусьсю.
- 18 жніўня 2020 году генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заклікаў улады Беларусі паважаць асноўныя правы сваіх грамадзянаў.