Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей зьвінаваціў Украіну ў несамастойнай палітыцы і прыгразіў афіцыйнаму Кіеву «адэкватнымі захадамі» ў адказ на прыпыненьне супрацоўніцтва. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію газэце «Коммерсант».
«Эканоміка — аснова дзяржаўнасьці, аснова існаваньня незалежнай сувэрэннай дзяржавы. Пасьля яе разбурэньня аб сувэрэнітэце можна забыць. Беларусь ператворыцца ў дзяржаву накшталт тых, у тым ліку нашых суседзяў, якія дзейнічаюць па ўказцы звонку».
Паводле Макея, у шэрагу гэтых дзяржаў і Ўкраіна.
«Жадаючы спадабацца сваім заступнікам, Украіна прымае рашэньне паставіць адносіны зь Беларусьсю на паўзу, уводзіць шэраг абмежаваньняў на пастаўку нашай прадукцыі, адмяняюцца тэндэры, якія мы выйгралі, — у Львоў 100 аўтобусаў, па-мойму, мы мусілі паставіць. Мы прымем адэкватныя захады роўна на тую суму, якую страцілі».
Па словах міністра, калектыўны Захад «вельмі нэрвуецца з нагоды таго, што сьвет становіцца шматпалярным, што зьявілася шмат буйных геапалітычных гульцоў, зь меркаваньнем якіх трэба лічыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны: Беларусь увяла абмежаваньні на пастаўку ўкраінскай прадукцыіНа пытаньне пра масавыя пратэсты ў Беларусі Макей выказаў сумнеў, што яны маглі ўразіць, назваўшы лічбу ў «40-50 тысяч».
Выказаўся міністар і пра затрыманую дзяўчыну Рамана Пратасевіча Соф’ю Сапегу. Паводле яго, суд яшчэ вызначыць, хто яна на самай справе, якія дзеяньні рабіла, ці нанесьлі гэтыя дзеяньні шкоду Беларусі, беларускаму народу і ў чым канкрэтна яе злачынства.
Пры гэтым ён заявіў, што суд над грамадзянкай Расеі, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў Беларусі. У той жа час «кіраўніком дзяржавы могуць быць прыняты рашэньні і аб памілаваньні, і аб перадачы для адбыцьця далейшага пакараньня ў Расею».
Таксама Макей незадаволены рэзка нэгатыўнай рэакцыяй Эўразьвязу на прымусовую пасадку пасажырскага самалёта Ryanair, на якім ляцелі Пратасевіч і Сапега. Ён лічыць, што да высноваў варта было дачакацца «аб’ектыўнага расьсьледаваньня» і толькі потым «прымаць адпаведныя рашэньні ў дачыненьні палітычных улад, суб’ектаў гаспадараньня. Макей заявіў, што кампанія «Белавія» «абсалютна ні за што пацярпела».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Соф'ю Сапегу, затрыманую сяброўку Пратасевіча, абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці»Адказаў Макей і на пытаньне пра так званыя «дарожныя мапы» — плян паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі. Ён заявіў, што застаюцца няўзгодненымі дзьве саюзныя праграмы з 28: аб фармаваньні агульнага рынку газу і гарманізацыі падатковага заканадаўства. Рашэньні з праграм абмяркуюць у галіновых міністэрствах, затым прымуць на саюзным урадзе і зацьвердзяць Вышэйшым дзяржаўным саветам, які плянуецца правесьці ўвосень.
Беларускія чыноўнікі ў апошнія месяцы называлі розную лічбу «дарожных мапаў» — 28, 31 і 33. Усе перамовы аб іх вядуцца ня першы год і застаюцца ў амаль поўнай таямніцы ад грамадзтва. Амбасадар Беларусі ў Маскве Ўладзімер Сямашка на пачатку траўня назваў найскладанейшай задачай «мапу» аб уніфікацыі падатковага і мытнага заканадаўстваў. Па яго падліках, на гэта можа спатрэбіцца ад 2 да 2,5 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямашка пра «саюзныя» пэрспэктывы: уніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўстваў з Расеяй запатрабуе 2-2,5 года ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман Галоўчанка: «Падпісаньне дарожных мапаў можа здарыцца і празь месяц, два, тры, і праз шэсьць»Сказаў Макей і пра «пагрозу гібрыднай вайны», якую раней агучваў Лукашэнка.
«Мы назіраем, як на заходнім флянгу адбываецца усямернае ўмацаваньне вайсковага патэнцыялу блёку NATO і нашых саюзьнікаў. Калі раней гаварылася, што сілы NATO або амэрыканскія кантынгенты будуць знаходзіцца там на часовай аснове, то цяпер усё ідзе да таго, што ў балтыйскіх дзяржавах, у Польшчы гэтыя кантынгенты будуць разьмешчаны на пастаяннай аснове, прычым на найбліжэйшай адлегласьці ад мяжы — 10-15 км».
Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр, перш чым пачаць працу ў Менску, «павінна была падумаць аб тым, зь якім багажом яна сюды едзе».
«Яна сустрэлася з усімі, зрабіла велізарную колькасьць нэгатыўных заяў у дачыненьні Беларусі і яе кіраўніцтва, і пасьля гэтага яна чакае, каб мы прынялі яе з распасьцёртымі абдымкамі?», — спытаў Макей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША ў Беларусі: Захад мусіць адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець