У Горадні затрымалі галоўнага рэдактара папулярнага мясцовага парталу Hrodna.life Аляксея Шоту. Яго затрымалі проста на вачах у сям’і без тлумачэньня прычынаў, паведамляе «Белсат».
Аляксея затрымалі, калі ён выйшаў з кватэры забраць у былой жонкі Аляксея Іны электрадухоўку, распавяла дзяўчына выданьню Hrodna.life. Зь белага мікрааўтобуса, які стаяў побач, выйшлі некалькі мужчын. «Сталі пытацца: „Гэта ваша? Куды несяце? А потым пад руку, і ў бус, і павезьлі“», — сказала дзяўчына.
Горадзенская міліцыя пракамэнтавала ў сацыяльнай сетцы УКантакце затрыманьне галоўнага Hrodna life.
«Падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Гродна выяўлены факт разьмяшчэньня сайтам Hrodna life інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай», — гаворыцца ў паведамленьні.
На Аляксея Шоту завялі адміністрацыйную справу па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць». Ён пасьпеў паведаміць Hrodna.life, што яго затрымалі за публікацыю на сайце аднаго з Telegram-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім.
Спачатку яго павезьлі ў РАУС, а потым павезьлі на здымную кватэру для правядзеньня агляду, на які ёсьць ордэр. Паводле міліцыі, цяпер там канфіскуюць аргтэхніку для далейшага накіраваньня на экспэртызу.
Аляксея могуць затрымаць на 72 гадзіны для забесьпячэньня яўкі на суд, пракамэнтаваў Hrodna.life адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавалі лавіць інтэрнэт ля польскай мяжы». Вялікае інтэрвію з галоўным рэдактарам Hrodna.lifeЯк выявілася, відэа пра затрыманьне Шоты на YouTube апублікавалі за два дні да самога затрыманьня. У інтэрнэце выявілі спасылку з пазнакай «не для ўсіх», дзе супрацоўнік сілавых структур распавядае пра агляд па месцы жыхарства Шоты па новай справе. Відэа апублікавалі яшчэ 28 траўня.
Перасьлед Hrodna.life уладамі
Hrodna.life ўжо раней судзілі па гэтым артыкуле — аштрафавалі на 12 325 рублёў.
Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 аўдыторыя сайту рэзка павялічылася, аднак разам з гэтым пачасьціліся візыты сілавікоў у рэдакцыю, у тым ліку з ператрусамі. Частка журналістаў, у прыватнасьці вядучы рэпартэр парталу Руслан Кулевіч вымушана пакінулі Беларусь. Сёлета ў сакавіку Шоту і рэдакцыю Hrodna.life аштрафавалі на 12 325 рублёў за «распаўсюд інфармацыі, якую ўключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КаАП).
«Цябе ў любы момант могуць закрыць з надуманай прычыны. Няўжо раней газэты не выкідалі з падпісных каталёгаў? Ці не заводзілі справы на журналістаў? Раней улады стараліся падладжваць справу пад закон, цяпер яны не замарочваюцца доказамі», — казаў Шота ў травеньскім інтэрвію Свабодзе.
Аляксею Шоту 32 гады. Ён скончыў магістратуру ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве па палітычных навуках у 2011 годзе. Вучыўся ў Школе мэдыямэнэджмэнту, Школе маладых мэнэджараў публічнай адміністрацыі. Разьведзены, мае дваіх дзяцей.
Інтэрнэт-партал Hrodna.life працуе з 2016 году. Ён паўстаў на базе папярэдняга сайту «Твой стыль» (2007–2015), дзе публікавалі матэрыялы навучэнцаў Школы журналістыкі.
У 2015–2016 гадах партал прайшоў поўны рэбрэндынг. Перадусім ён існуе за кошт рэклямы, продажу кантэнту і ахвяраваньняў чытачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактара і рэдакцыю Hrodna.Life аштрафавалі на 12 325 рублёў за матэрыялы з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу