Пра гэта сказаў парталу LB.ua намесьнік гендырэктара «БНК-Украіна» Сяргей Мельнік. Як паведамляе тэлеграм-канал Tut.by, Мельнік падкрэсьліў, што ў гэтай гісторыі «няма ніякай палітычнай падаплёкі». Мазырскі НПЗ з 1 чэрвеня пачынае капрамонт, абʼём экспарту будзе зьніжаны прапарцыйна загрузцы, паведамляе карпаратыўнае выданьне «Мазырскі нафтаперапрацоўшчык». Аднак у публікацыі не прыводзяцца тэрміны рамонту і ўзровень загрузкі заводу ў пэрыяд яго правядзеньня.
Раней паведамлялася, што даччынае прадпрыемства «Беларускай нафтавай кампаніі» ва Ўкраіне спыніла продаж аўтамабільнага бэнзіну А-95. На афіцыйным сайце кампаніі «БНК-Україна» сярод сёньняшніх прапаноў для ўкраінскага рынку ёсьць толькі дызэльнае паліва (ад 60 тон), такая ж колькасьць бэнзіну А-92 і А-98 вытворчасьці Мазырскага і Наваполацкага НПЗ.
Як паведаміў раней сёньня Свабодзе кіраўнік кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн, прынамсі два найбуйнейшыя ўкраінскія нафтатрэйдэры паведамілі, што Беларусь спыніла пастаўкі пакуль што аднаго гатунку бэнзіну.
«На ўкраінскім рынку зь беларускім палівам працуюць ад 10 да 15 кампаній. Дзьве зь іх паведамілі пра спыненьне паставак зь Беларусі. Гэта буйныя гульцы», — сказаў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну спынілі пастаўкі аднаго гатунку бэнзіну зь Беларусі. Магчыма, з прычыны санкцыяўСяргей Куюн ня выключыў, што такія абмежаваньні зь беларускага боку выкліканыя амэрыканскімі санкцыямі і зьмяншэньнем паставак нафты з Расеі ў Беларусь.
«Адна з вэрсій, што ў Беларусі самой не хапае паліва, бо фактычна спыніўся „Нафтан“, у якога няма нафты праз амэрыканскія санкцыі, а Мазырскі завод ідзе на рамонт з 1 чэрвеня, таму беларусы хочуць для сябе прытрымаць паліва. Але я ведаю, што ў Беларусі ёсьць запасы, і маглі б хаця б часткова ва Ўкраіну адгрузіць, але цяпер цалкам спыненыя пастаўкі. Магчыма, ёсьць і нейкі палітычны складнік, ня ведаю», — патлумачыў Сяргей Куюн.
«Сёньня павінны адбыцца перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным наконт загрузкі „Нафтану“. Мяркую, што сёньня стане нешта вядома на гэты конт. Калі расейцы адновяць пастаўкі нафты і знойдуць нейкае выйсьце, каб абысьці гэтыя санкцыі, тады беларусы могуць аднавіць пастаўкі», — дадаў Сяргей Куюн.