«Калі мы гаворым пра злачынную дзейнасьць, я прапаную спадару Лукашэнку дамагацца справядлівасьці ў Гаазе. Там ён абавязкова адкажа на ўсе пытаньні», — напісаў мэр Рыгі Мартыньш Стакіс.
«Паказвае адчай і вар’яцтва рэжыму Лукашэнкі», — дадае кіраўнік МЗС Латвіі Эдгардс Рынкевічс.
- Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пачаў крымінальную справу за распальваньне нацыянальнай варожасьці ў дачыненьні да мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарcа Рынкевічcа.
- Паводле генпракурора, злачынныя дзеяньні палягаюць «у публічным зьняцьці і замене сымбалю сувэрэннай Беларусі — дзяржаўнага сьцяга, які быў усталяваны ў цэнтры Рыгі ў сувязі з удзелам нацыянальнай каманды ў чэмпіянаце сьвету па хакеі, на бел-чырвона-белае палотнішча», — паведамляе Генпракуратура ў Тэлеграме. Генпракурор лічыць гэта «зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі, які зьняважыў нацыянальную годнасьць беларусаў».
- Крымінальную справу завялі паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэксу Беларусі, для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня яе накіравалі ў Сьледчы камітэт.
Юрыст зь Менску, якога Свабода папрасіла пракамэнтаваць гэты выпадак, зазначыў, што завесьці такую справу можна: «Яны ўгледзелі, што пасягнулі на інтарэсы, якія абараняюцца нашым законам. Але справа ня будзе мець разьвіцьця».
Пры гэтым ён спаслаўся на ч.2 арт. 6 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога «замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства, якая не пражывае пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь, якія зьдзейсьнілі злачынствы па-за межамі РБ, падлягаюць адказнасьці паводле гэтага Кодэксу ў выпадках зьдзяйсьненьня цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, накіраваных супраць інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».
«Гэта цяжкае злачынства. Таму фармальна яны маглі завесьці справу», — дадаў юрыст.
24 траўня ў цэнтры Рыгі мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе ўсталяваныя сьцягі краінаў — удзельніц чэмпіянату сьвету па хакеі. Як сказаў пры гэтым мэр Рыгі, «сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».
Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.
Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль назваў непрымальнай замену афіцыйнага сьцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе. На гэта мэр Рыгі адказаў, што бел-чырвона-белыя сьцягі застануцца на месцы, а замест гэтага здымуць сьцягі IIHF.
25 траўня мэрыя Вільні ўсьлед за Рыгай вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Рыгі адказаў Фазэлю, які заступіўся за Лукашэнку, што гатовы зьняць і сьцягі Міжнароднай фэдэрацыі хакею