Як паведамляецца на афіцыйным сайце кампаніі «БНК-Україна», сярод сёньняшніх прапаноў для ўкраінскага рынку ёсьць толькі дызэльнае паліва (ад 60 тон), такая ж колькасьць бэнзіну А-92 і А-98 вытворчасьці Мазырскага і Наваполацкага НПЗ.
Як паведаміў Свабодзе кіраўнік кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн, прынамсі два найбуйнейшых украінскіх нафтатрэйдэры паведамілі, што Беларусь спыніла пастаўкі пакуль што аднаго гатунку бэнзіну.
«На ўкраінскім рынку зь беларускім палівам працуюць ад 10 да 15 кампаній. Дзьве зь іх паведамілі пра спыненьне паставак зь Беларусі. Гэта буйныя гульцы», — сказаў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна цалкам закрывае сваю паветраную прастору для Беларусі, ня будзе і транзытуСяргей Куюн ня выключыў, што такія абмежаваньні зь беларускага боку выкліканы амэрыканскімі санкцыямі і зьмяншэньнем паставак нафты з Расеі ў Беларусь.
«Адна з вэрсій, што ў Беларусі самой не хапае паліва праз фактычна спыненьне „Нафтану“, у якога няма нафты праз амэрыканскія санкцыі, а Мазырскі завод ідзе на рамонт з 1 чэрвеня, таму беларусы хочуць для сябе прытрымаць паліва. Але я ведаю, што ў Беларусі ёсьць запасы, і маглі б хаця б часткова ва Ўкраіну адгрузіць, але цяпер цалкам спыненыя пастаўкі. Магчыма, ёсьць і нейкі палітычны складнік, ня ведаю», — патлумачыў Сяргей Куюн.
«Сёньня мусяць адбыцца перамовы між Лукашэнкам і Пуціным наконт загрузкі „Нафтану“. Мяркую, што сёньня стане нешта вядома на гэты конт. Калі расейцы адновяць пастаўкі нафты і знойдуць нейкае выйсьце, каб абысьці гэтыя санкцыі, тады беларусы могуць аднавіць пастаўкі», — дадаў Сяргей Куюн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі пагражае міжнароднай бясьпецы». У парлямэнце Ўкраіны падрыхтавалі заяву па Беларусі