Украіна цалкам закрывае сваю паветраную прастору для Беларусі, ня будзе і транзыту

Нацыянальны аэрапорт «Мінск», 27 траўня

Да гэтага рашэньня беларускія самалёты маглі ляцець праз Украіну ў трэція краіны.

Урад Украіны з 0:00 29 траўня цалкам закрывае паветраную прастору для Беларусі. Урад ухваліў рашэньне аб закрыцьці неба Ўкраіны для Беларусі на пазачарговым пасяджэньні 28 траўня.

«Абмежаваньне палётаў у паветранай прасторы Беларусі і транзытных пералётаў для беларускіх кампаній зьяўляецца неабходнымі крокамі для забесьпячэньня бясьпекі авіяцыі і пасажыраў», – заявіў міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў, камэнтуючы ўрадавае рашэньне.

Паводле яго, цяпер Міністэрства інфраструктуры і Міністэрства замежных справаў распрацоўваюць апэратыўныя рашэньні, каб залучыць ва Ўкраіну новыя транзытныя авіямаршруты. «Разьлічваем на падтрымку нашых міжнародных партнэраў», – падкрэсьліў Аляксандар Кубракоў.

​Міністэрства замежных справаў і Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны мусяць паінфармаваць пра гэтае рашэньне адпаведныя структуры Беларусі.

Украіна з 26 траўня спыніла прамыя авіязносіны зь Беларусьсю, забараніўшы ажыцьцяўленьне любых відаў палётаў між пунктамі прызначэньня на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі ўкраінскімі і беларускімі эксплюатантамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна забараніла сваім кампаніям палёты ў Беларусь і транзыт над беларускай тэрыторыяй