Кампанія Hoster.by, генэральны дырэктар якой арыштаваны па справе Tut.by, паведаміла пра абмежаваньні на плацяжы

У офісе кампаніі

Кампаніі не ўдалося выплаціць аванс супрацоўнікам, пры гэтым абмежаваньняў на выплату падаткаў улады не ўвялі.

Прадстаўнікі кампаніі Hoster.by апублікавалі афіцыйны зварот да сваіх кліентаў у сувязі з апошнімі падзеямі вакол яе. Генэральны дырэктар Сяргей Павалішаў арыштаваны, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем, а ў офісе кампаніі прайшоў ператрус.

Спэцыялісты паведамілі, што ў кампаніі напярэдадні зьявіліся абмежаваньні на некаторыя апэрацыі, з-за чаго не ўдалося зрабіць авансавыя выплаты работнікам. Пры гэтым кліенты могуць па-ранейшаму аплочваць дамэнныя імёны, паслугі хостынгу і іншыя.

Калі сытуацыя зацягнецца, кампанія ня здолее плаціць за некаторыя ліцэнзіі, у прыватнасьці, за антывіруснае праграмнае забесьпячэньне. Аднак з большасьцю пастаўшчыкоў удалося дамовіцца аб адтэрмінаваньні плацяжоў.

Зараз Hoster.by рыхтуе зварот да ключавых ведамстваў краіны, у якім патлумачыць наступствы, якія чакаюць дамэнную зону .BY / .БЕЛ і шэраг хостынгаў, калі сытуацыя зацягнецца.

Становішча можа рэзка пагоршыцца, паколькі кампанія кантралюе каля 60% усяго байнэту, у цэнтралізаванай базе каля 150 тысяч дамэнных імёнаў, ад паліклінік да буйных вытворчасьцяў. У Hoster.by папярэдзілі дзяржаўныя органы аб тым, што спыненьне нармальнай працы іх кампаніі можа прывесьці да рэзкага росту кібэрзлачыннасьці.

18 траўня супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў рэдакцыю Tut.by і зьвязаныя з мэдыяхолдынгам кампаніі, у тым ліку і ў Hoster.by. Сам Tut.by улады заблякавалі за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі». Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зьвярнуліся да Сусьветнага рэгулятара дамэнаў з просьбай забраць дамэн .BY у ААЦ. Што ім адказалі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у справе Tut.by прызналі палітычнымі зьняволенымі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавілася праца сайту Rabota.by, у офіс якога прыходзілі з ДФР. Tut.by па-ранейшаму заблякаваны