The Times. «Лукашэнка ня мог дзейнічаць бяз санкцыі Пуціна»
Беззаконныя паводзіны кіраўніка Беларусі Лукашэнкі ў краіне цяпер распасьціраюцца да нябёсаў у літаральным сэнсе, — піша ў рэдакцыйным артыкуле брытанскае выданьне The Times.
«Прымус рэйсу Ryanair у нядзелю зьмяніць кірунак і сесьці ў Менску, сталіцы Беларусі, з мэтай арышту пасажыра-дысыдэнта Рамана Пратасевіча, было актам пірацтва. Жыцьцёва важна, каб рэжым Лукашэнкі сутыкнуўся з астракізмам і санкцыямі. Тым ня менш заходнія ўрады не павінны мець ілюзіяў наконт імавернага натхняльніка гэтага абуральнага дзеяньня. Уяўляецца малаверагодным, што Лукашэнка скраў бы самалёт дзяржавы ЭЗ бяз згоды і саўдзелу прэзыдэнта Пуціна і, магчыма, ягонага прамога загаду (...)», — мяркуе газэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пацьвердзіў, што Белы дом абмяркоўвае новыя санкцыі супраць БеларусіSüddeutsche Zeitung. «Згонам самалёта дыктатар дэманструе сваю ўладу. Так ён можа стаць пагрозай і для Эўрапейскага Зьвязу»
«Захоп рэйсу FR4978 быў, у канчатковым выніку, дэманстрацыяй сілы. Па-першае, ён паказвае маштаб сфэры дзейнасьці беларускага КДБ, які, мабыць, сачыў за Пратасевічам ужо ў Грэцыі... Да таго ж так беларускі кіраўнік даказвае, што вайскоўцы працягваюць яго падтрымліваць», піша нямецкая Süddeutsche Zeitung.
Wall Street Journal. Беларусь турбуе авіяперавозчыкаў: «Мы знаходзімся на незнаёмай тэрыторыі»
«Авіяцыйныя чыноўнікі заяўляюць, што перахоп самалёта Ryanair пагражае падарваць набор працэдур бясьпекі, выстраеных за дзесяцігодзьдзі паміж камэрцыйнымі авіякампаніямі і ўрадамі ды вайсковымі структурамі краін, над якімі яны пералятаюць, адзначаюць пілёты і прадстаўнікі паветранай бясьпекі» – піша Wall Street Journal.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асьцярожна, неба закрываецца. Як скасоўваюць палёты зь Беларусі, у Беларусь і над БеларусьсюТhe Guardian. «Расея асьцярожна падтрымлівае Беларусь на тле выкраданьня самалёта»
Крамлёўскія чыноўнікі прапанавалі толькі стрыманую падтрымку ў сувязі з інцыдэнтам, які кваліфікуецца ў сьвеце як «паветранае пірацтва» і «акт дзяржаўнага тэрарызму».
«З пункту гледжаньня Крамля, ён не зьбіраецца крытыкаваць тое, што зрабіла Беларусь... але ў той жа час, ён не выступае з поўнай падтрымкай, таму што ня хоча, каб яго зачапілі», — сказаў Тhe Guardian Марк Галеоці, экспэрт у Расеі і ў пытаньнях міжнароднай бясьпекі.
І Менск, і Масква будуць уважліва сачыць за тым, ці справіцца Эўрасаюз з мэтавымі эканамічнымі санкцыямі, каб ацаніць гатоўнасьць блёка пакараць аўтарытарныя дзяржавы, якія жадаюць пакараць уласных дысыдэнтаў у Эўропу.
«Яны, як і ўсе астатнія, чакаюць, ці не пяройдуць санкцыі ў новую фазу. Калі тое, што было дагэтуль — гэта ўсё, з чым ім давядзецца сутыкнуцца, я думаю, яны будуць адчуваць, што ім гэта ўдалося», кажа Галеоці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» крытыкуюць забарону палётаў зь БеларусіТhe Guardian. «Беларусь: прэзыдэнтка Эстоніі заклікала спыніць паток карумпаваных грошай празь Вялікую Брытанію»
Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд заклікала Вялікую Брытанію прыняць меры для спыненьня антыдэмакратычных рэжымаў, такіх як Беларусь, якая пераганяе карумпаваныя грошы праз Лёнданскі фінансавы цэнтар.
Яе просьба прагучала пасьля абвяшчэньня Эўразьвязам намеру ўвесьці новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і карныя захады супраць нацыянальнай авіякампаніі ў адказ на захоп рэйса Ryanair.
Прэзыдэнтка заявіла, што санкцыі павінны быць накіраваныя на «грашовыя артэрыі», якія дазваляюць беларускаму рэжыму існаваць, цытуе яе словы Тhe Guardian.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Нямеччыны: за інцыдэнт з самалётам Ryanair Лукашэнка заплаціць «горкую цану»Liberation. «Беларусь: самалёт, дыктатар і апазыцыянэр»
«З дапамогай рэпрэсій старанна і жорстка наносяцца ўдары па апазыцыі: на думку Аляксандра Лукашэнкі, вы альбо за яго, альбо супраць. Незалежна ад зьдзейсьненага граху, ідзе гаворка пра шкарпэткі няправільнага колеру, ці пра сьцяг на акне, ці пра крытычнае выказваньне, прысуды налічваюцца гадамі пазбаўленьня волі. Апазыцыянэры, дэманстранты, якія пайшлі ў адстаўку зь дзяржаўных установаў, і журналісты выдатна ведаюць: пытаньне ня ў тым, ці арыштуюць іх, а ў тым, калі гэта адбудзецца. Іх больш не абараняюць нават уцёкі», — лічыць аўтар публікацыі, карэспандэнт Liberation у Менску Аня Новак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Байдэн падчас саміту абмяркуе з Пуціным Украіну і БеларусьBild. «Экспэрты ўпэўнены, што Пуцін даў зялёнае сьвятло на згон самалёта»
«Амэрыканскі генэрал у адстаўцы Бэн Ходжас сказаў у размове з Bild: „Выключана, што гэта адбылося без дазволу Расеі ці хаця б безь яе маўклівай згоды. Сыстэма СПА Беларусі цалкам інтэграваная ў расейскую СПА“, — сказаў дзейны вайсковы экспэрт аналітычнага цэнтра CEPA».
- Швайцарская газэта Le Temps дала сваёй публікацыі загаловак «Беларусь: палёт над гняздом зязюлі».
- Беларусь: авіякампаніі пазьбягаюць паветранай прасторы; асьцярожна з «прымусовым» прызнаньнем, — піша Аljazeera.
- Беларусі прысьвяцілі публікацыі ўсе буйныя інфармацыйныя агенцтвы, ізраільскія, японскія і кітайскія выданьні.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.