«Мы, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, штаб Цапкалы, ByPol і іншыя дэмакратычныя сілы, адзіныя ў ацэнцы таго, што ў выніку бяздумных дзеяньняў нелегітымнага рэжыму Беларусь ператварылася ў „чорную пляму“ на сусьветнай мапе». — гаворыцца ў заяве.
У ёй падкрэсьліваецца, што «рэжым на мяжы татальнай ізаляцыі, як ніколі раней».
«Эўрапейскі зьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія, Японія, Канада і іншыя краіны ўжо дзейнічаюць і робяць усё магчымае, каб дапамагчы нам, беларусам. І мы самі, беларусы, мусім зрабіць усё магчымае, каб вызваліць палітычных вязьняў, спыніць гвалт і правесьці сумленныя выбары. Мы павінны дзейнічаць — акно магчымасьцяў адкрытае. Чакаць больш няма чаго — тэрор трэба спыніць раз і назаўсёды. Мы пачынаем рыхтавацца да новай актыўнай фазы пратэсту», — заявілі аўтары звароты.
Напярэдадні сустрэча дэмакратычных сілаў Беларусі адбылася ў Вільні. Падчас першага дня абмеркавалі:
- узмацненьне міжнароднага ціску і канкрэтныя захады ў адказ на дзеяньні Лукашэнкі;
- кантакт з чыноўнікамі ўнутры Беларусі і пашырэньне гэтага кантакту;
- нарошчваньне структуры партызанскага руху ўнутры Беларусі;
- праект амністыі і рэабілітацыі ўдзельнікаў пратэстаў.