Сама пастанова Савета міністраў № 287 ад 22 траўня «Аб закрыцьці пасольства Рэспублікі Беларусь у Канадзе» на момант публікацыі нататкі яшчэ афіцыйна не апублікаваная, таму яе дакладны зьмест невядомы. Паводле дадзеных рэестру, яна павінна набыць сілу 26 траўня 2021 году. Верагодна, публікацыя адбудзецца ў гэты дзень.
Амбасада спыніць сваю працу з 1 верасьня 2021 году. Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Канадзе, пасьля закрыцьця амбасады змогуць зьвяртацца ў генэральнае консульства Беларусі ў Нью-Ёрку (ЗША), гаворыцца ў паведамленьні амбасады.
На пачатку красавіка міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што «як мінімум у некалькіх краінах сьвету мы закрыем нашы амбасады — там, дзе мы бачым, што на працягу доўгага пэрыяду іх праца не прыносіць патрэбнай зьнешнеэканамічнай аддачы».
Папярэдні раз «аптымізацыю» сеткі амбасадаў праводзілі ў 2017–18 гадах. У прыватнасьці, тады закрылі амбасаду ў Аўстраліі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня будзе закрываць амбасады ў эўрапейскіх краінах і ва Ўкраіне