Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон хацеў бы запрасіць беларускую апазыцыю на наступны саміт «вялікай сямёркі» ў Корнуал у чэрвені, калі Вялікая Брытанія пагодзіцца, заявіла ў аўторак францускае старшынства.
«Прэзыдэнт за гэта, калі брытанцы пагодзяцца на гэта», — сказаў францускі чыноўнік. Яго словы цытуе агенцтва Reuters.
Пазьней у тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай зьявіўся адказ прэзыдэнту Францыі з падзякай за запрашэньне беларускай апазыцыі.
«Учора я размаўляла зь міністрам замежных справаў Францыі Жан-Івам Ле Дрыянам і прапанавала свой удзел у саміце. Спадар Макрон быў першым прэзыдэнтам, зь якім у мяне адбылася сустрэча восеньню 2020 году, і я вельмі ўдзячная за яго ініцыятыву — і тады, і цяпер».
Макрон сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўской у верасьні мінулага году. Асноўнай тэмай размовы была магчымасьць арганізацыі перамоваў на тэму правядзеньня новых выбараў прэзыдэнта Беларусі і магчымага пасярэдніцтва іншых краінаў, у тым ліку Францыі.
Францускае запрашэньне на саміт G7 было атрымана ў панядзелак, калі лідэры ЭЗ узгаднілі санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон выказаўся ў Вільні пра мірны пераход улады ў Беларусі