Акцыянэрнае таварыства «Укрзалізниця» («Украінская чыгунка») з 10 траўня забараніла перавозку беларускіх грузаў вагонамі, якія належаць рэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі.
Як паведамілі Свабодзе ў Дэпартамэнце інфармацыйнай палітыкі ўкраінскай чыгункі, такім чынам яны хочуць скараціць прастой вагонаў, якія належаць украінскім апэратарам.
Пры гэтым у дэпартамэнце ўдакладнілі, што забарона не распаўсюджваецца на выкарыстаньне грузавых магчымасьцяў іншых уласьнікаў рухомага складу і не датычыць відаў прадукцыі, якая перавозіцца чыгункай.
Адначасова, з 18 да 31 траўня забароненыя ўсе грузавыя перавозкі на адрас УП «Белшклопрам», Гомельскага вагонабудаўнічага заводу, аднаго вагоннага ўчастку Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, гомельскага ТАА «БайЦімбер» (займаецца вытворчасьцю леса- і піламатэрыялаў у Гомлі і Гомельскай вобласьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна забараніла сваім кампаніям палёты ў Беларусь і транзыт над беларускай тэрыторыяй