10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу вінавацяць у арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Большасьць з 12 абвінавачаных затрымаў КДБ яшчэ 12 лістапада, усіх дагэтуль трымаюць пад вартай.
«Суд над маладосьцю» — так яшчэ называюць «справу студэнтаў» — пачаўся 14 траўня і суправаджаўся затрыманьнямі. Працэс фармальна праходзіць у Савецкім райсудзе, але адбываецца ў Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашка. Пускаюць на суд толькі па 2 сваякоў на 1 абвінавачанага — больш нібыта няма месцаў.
За падзеі 26.10 з БНТУ адлічылі адразу 52 студэнтаў
24 траўня першымі суд заслухаў паказаньні супрацоўнікаў Беларускай нацыянальнай тэхнічнай акадэміі (БНТУ), дзе на акцыі студэнтаў супраць фальшаваньня выбараў і гвалту сілавікоў адказ быў асабліва жорсткі.
Паводле першага прарэктара Георгія Вяршыны, у верасьні-кастрычніку на тэрыторыі ВНУ рэгулярна праходзілі пратэставыя акцыі з удзелам 20–25 чалавек. Самая масавая адбылася 26 кастрычніка. У ёй, паводле сьведкі, бралі ўдзел каля 150 «студэнтаў і выпускнікоў», якія трымалі «Пагоню» і БЧБ-сымболіку. Першы прарэктар БНТУ Вяршына сьцьвярджаў, што з прычыны акцый зрываўся вучэбны працэс, а «некаторыя студэнты цягам году ня змогуць працягваць вучобу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭГУ запатрабаваў вызваліць сваю студэнтку, затрыманую ў менскім аэрапорце разам з ПратасевічамСьведка паведаміў, што за ўдзел у той акцыі адлічылі 52 студэнтаў. Паводле Георгія Вяршыны, ужо наступным днём адлічаных студэнтаў выклікалі ў адміністрацыю, каб перадаць ім копіі загадаў аб адлічэньні. Таксама сьведка прызнаў, што асабіста складаў на студэнтаў дакладныя запіскі, якія сталі падставай для адлічэньня. Паводле Георгія Вяршыны, ён бачыў на акцыі студэнтку Вікторыю Гранкоўскую, якую цяпер судзяць на працэсе. Пачуўшы такую заяву сьведкі, дзяўчына папрасіла ўдакладніць, ці бачыў ён яе асабіста? Георгі Вяршына прызнаў, што пазнаў Гранкоўскую «на відэазапісе».
Таксама ў сваіх паказаньнях першы прарэктар БНТУ выказаў меркаваньне, што ініцыятарам студэнцкіх акцый пратэсту на тэрыторыі акадэміі быў нехта з выкладчыкаў, але доказаў гэтаму не прывёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад найбуйнейшага ў сьвеце аб’яднаньня юрыстаў крытыкуе ўлады Беларусі за пазбаўленьне ліцэнзій адвакатаўПаводле паказаньняў дэкана факультэту машынабудаваньня Андрэя Сафонава, у акцыі 26 кастрычніка, якая праходзіла каля будынку факультэту, бралі ўдзел «недзе 100 чалавек». У руках пратэстоўцаў была сымболіка, выкрыквалі «Жыве Беларусь», згадаў сьведка. У сьведкі Сафонава супярэчлівыя думкі адносна ўплыву акцыі на вучэбны працэс: «Уплыў адназначна быў», сказаў спадар Сафонаў, але дадаў, што «зрыву заняткаў не было». Паводле Андрэя Сафонава, падсудную Анастасію Булыбенку адлічылі з БНТУ, бо яна мела пропускі заняткаў з прычыны адбыцьця адміністрацыйнага арышту. Суд зьняў пытаньне абароны, ці ня лічыць дэкан факультэту Сафонаў гэтыя пропускі «паважлівай прычынай». У канцы допыту стала вядома, што раней Андрэй Сафонаў за сваім подпісам дасылаў падзяку маці студэнткі Булыбенкі. Камэнтаваць зьмест гэтага ліста, адрасаванага маці пасьпяховай студэнткі, сьведка ня стаў: «Пакуль мне не пакажуць дакумэнт».
Выкладчыцу з архітэктурнага факультэту БНТУ Вольгу Дашкевіч на судзе папрасілі ахарактарызаваць студэнтку Вікторыю Гранкоўскую, адну зь фігурантак «справы студэнтаў». Характарыстыка прагучала станоўчая: была добрай студэнткай, за апошні сэмэстар атрымлівала пэрсанальную стыпэндыю, бо пасьпяхова займалася навуковай працай. Зрыву заняткаў, паводле сьведкі, Гранкоўская арганізаваць не магла, бо зрыву заняткаў «на архітэктурным факультэце не было».
«Студэнтам сыгналілі вельмі моцна. Стаяў гул»
Наступная група сьведак прадстаўляла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (БДАМ).
Рэктар БДАМ Міхаіл Баразна паведаміў, што з удзелам студэнтаў і выпускнікоў акадэміі адбылося «каля 20 акцый».
«Выстройваліся ў ланцуг, былі плякаты, крычалі скандоўкі, гукалі „Далучайся“, трымалі БЧБ-сьцягі». Паводле Міхаіла Баразны, ён спрабаваў размаўляць з пратэстоўцамі. «Першыя тры дні мяне слухалі, потым — не».
Рэктар БДАМ засьведчыў, што бачыў сярод пратэстоўцаў студэнтку Марыю Каленік, якую цяпер судзяць на працэсе. Паводле сьведкі, яна была сталай удзельніцай акцый, але «агрэсіўных дзеяньняў зь яе боку не было». Дзяўчыне абвяшчалі вымову, згадаў Міхаіл Баразна. Паводле Міхаіла Баразны, вучэбны працэс у ВНУ з прычыны акцый не перарываўся, адукацыйныя паслугі аказваліся «ў поўным памеры», але акцыі нэгатыўна ўплывалі на «ўключэньне супрацоўнікаў у свае абавязкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінгвістка-выкладчыца Натальля Дуліна: «Свабода — гэта жыцьцё без крывадушнасьці»Суд дапытаў і Ганну Конанаву, дэкана мастацкага факультэту БДАМ.
«Выйшла 30 чалавек. Ніякай сымболікі не было. Былі жэсты, якія апазыцыя выкарыстоўвала ў жніўні», — згадала сьведка акцыю 30 верасьня. Свае паказаньні Ганна Конанава закончыла просьбай да суду «даць шанец маладым». Сьведка мяркуе, што «маладыя людзі ў масе сваёй паддаліся парывам старэйшых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны не злачынцы і не павінны сядзець у турме». Дзяўчына прыйшла падтрымаць студэнтаў у судзе і атрымала штрафПершы прарэктар БДАМ Сьвятлана Вінакурава згадала, што 30 верасьня студэнты «стаялі ўздоўж праспэкта Незалежнасьці. Студэнтам сыгналілі вельмі моцна. Стаяў гул». Паводле сьведкі, з прыкладна 30 удзельнікаў акцыі палова была з БДАМ.
Амаль кожны дзень у кастрычніку, таксама згадала сьведка Вінакурава, акцыі пратэсту праходзілі і ўнутры ВНУ.
«Пляскалі ў ладкі, выкрыквалі скандоўкі, былі плякаты»
Паводле Сьвятланы Вінакуравай, студэнтка Марыя Каленік званіла адвакату, каб параіцца перад напісаньнем тлумачэньня. Гэтая размова, мяркуе сьведка, не была звычайнай кансультацыяй зь юрыстам, а Каленік гэтак «атрымлівала ўстаноўку» — калі гэтае меркаваньне прагучала, у судовай залі раздаўся сьмех.
«Упэўнена глядзяць наперад»
Паліна — сваячка адной з абвінавачаных. Зь яе словаў, абстаноўка ў судовай залі «нармальная, працоўная».
«Тыя, хто назірае за працэсам у залі, усе падтрымліваюць падсудных, плюс на іх баку 12 адвакатаў — усё гэта адчуваецца. Уражаньне, што абвінавачаныя асвоіліся, усьміхаюцца, глядзяць упэўнена наперад. Стан кожнага можа быць розны, але зьнешне ўсе трымаюцца добра. Часта задаюць пытаньні, прычым такія, якія ня сорамна задаваць і адвакату», — згадала Паліна. Паводле дзяўчыны, прапускны рэжым на працэс застаўся нязьменны: прапускаюць толькі сваякоў. «Журналістаў у залі ня бачыла», — кажа Паліна.
Суд працягнецца 25 траўня. Пасьля прадстаўнікоў ВНУ пачалі дапытваць сьведак зь «Менсктрансу», кіроўцаў ды іншых.