У цэнтры Рыгі, дзе адбываецца чэмпіянат сьвету па хакеі, дзяржаўны беларускі сьцяг замянілі на бел-чырвона-белы. ВІДЭА

Фота з твітэра Мартыньша Стакіса

У сталіцы Латвіі Рызе цяпер праходзіць чэмпіянат сьвету па хакеі. Адпачатку турнір плянаваўся ў Рызе і Менску, аднак праз палітычную сытуацыю беларускую частку анулявалі.

У цэнтры Рыгі ўсталяваныя сьцягі краінаў-удзельніц чэмпіянату. Сёньня мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй.

«Сярод сьцягоў чэмпіянату па хакеі мы падымаем сьцяг Свабоднай Беларусі! Гэты сьцяг мне даверылі палітычныя ўцекачы зь Беларусі. Сьцяг, які сымбалізуе рэжым, які ажыцьцяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі — таму мы яго зьнялі!» — напісаў мэр Рыгі ў сябе ў Twitter.

Пасьля гэтага амбасадара Латвіі ў Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ці зьвязаны выклік з заменай сьцягу, пакуль не вядома.

Тым часам да амбасады Латвіі ў Менску прыйшлі «неабыякавыя беларусы», каб выказаць пратэст «супраць ўмяшаньня ва ўнутраныя справы краіны», паведамляюць афіцыйныя мэдыі.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч прыгразіў, што ягоныя паплечнікі будуць стаяць, колькі спатрэбіцца — тыдзень, месяц. Але не дазволяць «займацца самаўпраўствам».

У руках пратэстоўцаў знаёмыя прапагандысцкія лёзунгі — «Любімую не аддаюць», «Не дазволім разваліць краіну» ды іншыя.